Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паказалі, як ахоўваюць сваю водную мяжу зь Беларусьсю. ВІДЭА


Мяжа паміж украінскім сялом Камянка Рэпкінскага раёну і Лоеўскім раёнам Беларусі праходзіць па рацэ Дняпро. Архіўнае фота
Мяжа паміж украінскім сялом Камянка Рэпкінскага раёну і Лоеўскім раёнам Беларусі праходзіць па рацэ Дняпро. Архіўнае фота

Берагавую лінію вадаёмаў, па якіх праходзіць лінія мяжы зь Беларусьсю, таксама ўмацавалі інжынэрнымі збудаваньнямі.

У Дзяржаўнай памежнай службе Ўкраіны паведамілі, што ахова мяжы зь Беларусьсю, у тым ліку на водных участках, па-ранейшаму адбываецца ва ўзмоцненым рэжыме.

«Сытуацыя на паўднёвым рубяжы застаецца цалкам кантраляванай. Дзяржаўная памежная служба стала сочыць за ўсім, што адбываецца на лініі і па той бок украінска-беларускай мяжы», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка.

Паводле яго, украінскія памежнікі назіраюць за воднай паверхняй і прылеглай мясцовасьцю, каб «не дапусьціць на гэтых кірунках магчымага незаконнага перасячэньня мяжы з боку Беларусі або парушэньня памежнага рэжыму».

«Апроч таго, ажыцьцяўленьне 24-гадзіннага кантролю забясьпечваюць камэры дыстанцыйнага відэаназіраньня. У выпадку выяўленьня якіх-небудзь зьменаў у абстаноўцы апэратар інфармуецца пра гэта і на вызначаны кірунак накіроўваецца памежны нарад або дадатковыя сілы і сродкі», — дадаў Андрэй Дземчанка.

Сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны падкрэсьліў, што берагавую лінію вадаёмаў, па якіх праходзіць лінія мяжы зь Беларусьсю, таксама ўмацавалі інжынэрнымі збудаваньнямі.

  • Аляксандар Лукашэнка падтрымаў расейскае ваеннае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году і дазволіў скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў гарадоў Украіны, ахвярамі чаго сталі дзясяткі тысяч мірных украінцаў.
  • У першыя дні поўнамаштабнай вайны ўрад Украіны пастанавіў закрыць усе памежныя пункты зь Беларусьсю. Пасьля адыходу расейскіх войскаў з Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў між краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску — у Валынскай вобласьці. Празь яго ва Ўкраіну вяртаюцца ўкраінцы, якіх незаконна вывезьлі ў Расею.
  • Супраць Беларусі ўвялі міжнародныя санкцыі праз падтрымку Аляксандрам Лукашэнкам расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
  • Увесь час ад моманту пачатку расейскай поўнамаштабнай вайны супраць Украіны на тэрыторыі Беларусі амаль бесьперапынна праводзяцца вайсковыя вучэньні, а Ўкраіна ўмацоўвае свае межы на беларускім кірунку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG