У дакумэнце абмяркоўвалася пасьляваеннае ўладкаваньне Эўропы, але не было дакладнага пляну спыненьня баёў. Бакі таксама абмяркоўвалі магчымыя амэрыканскія гарантыі бясьпекі Ўкраіны без удзелу ў перамовах Злучаных Штатаў. Пра гэта гаворыцца ў матэрыяле часопіса Foreign Affairs.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ў 2022 годзе расейская і ўкраінская дэлегацыя правялі некалькі сустрэч з абмеркаваньнем мірнага пагадненьня паміж краінамі. Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін заяўляў пасьля, што дамова была гатовая, але яе падпісаньне было сарванае Ўкраінай. У матэрыяле гаворыцца, што ніякіх фінальных тэкстаў узгоднена не было.
Тым ня менш, піша Foreign Affairs, да красавіка 2022 года Ўкраіна падрыхтавала чарнавік камюніке аб перамовах, у якім фіксаваўся яе нэўтральны і няядзерны статус. Расея пагадзілася выкарыстоўваць яго як аснову для будучай дамовы.
Кіеў згаджаўся не даваць тэрыторыю для замежных вайсковых базаў і адмовіцца ад уступленьня ў вайсковыя саюзы. Згодна з тэкстам, гарантаваць бясьпеку Ўкраіны ў будучыні павінныя былі, акрамя Расеі і ЗША, Вялікая Брытанія, Кітай і Францыя. Кіеў хацеў уключыць у сьпіс Турэччыну, Масква — Беларусь.
У камюніке таксама гаварылася, што, калі на Ўкраіну будзе ўчынены напад і яна папросіць дапамогі, усе дзяржавы-гаранты будуць абавязаныя аказаць дапамогу Кіеву для аднаўленьня яго бясьпекі.
Размова ішла аб увядзеньні беспалётнай зоны, пастаўках зброі або прамым умяшаньні з дапамогай уласных узброеных сілаў дзяржавы-гаранта. Часопіс адзначае, што абавязацельствы былі прапісаныя дакладней, чым у дамове NATO. Акрамя таго, дзяржавы-гаранты, у тым ліку Расея, павінныя былі спрыяць сяброўству Ўкраіны ў Эўразьвязе.
У праекце дакумэнта было сказана таксама, што Расея і Ўкраіна будуць імкнуцца мірна ўрэгуляваць пытаньне Крыму. З таго часу, як Расея анэксавала паўвостраў у 2014 годзе, Масква ніколі не згаджалася абмяркоўваць яго статус, называючы яго неад’емным расейскім рэгіёнам, адзначае Foreign Affairs. Прапаноўваючы правесьці перамовы аб ягоным статусе, Крэмль маўкліва прызнаў, што гэта не так.
Масква зараз заяўляе, што ад перамоваў Украіна адмовілася пад ціскам прэмʼер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана, ён гэта адмаўляе. Foreign Affairs называе такую трактоўку «карыкатурнай», але адзначае, што краіны Захаду ставіліся да падрыхтаванага праекту дамовы «з глыбокім скептыцызмам».
Былы амэрыканскі чыноўнік, які займаўся ў той час палітыкай у дачыненьні да Украіны, распавёў часопісу, што ўкраінцы не кансультаваліся з Вашынгтонам да таго часу, пакуль камюніке не было апублікаванае, хоць дамова, апісаная ў ім, стварыла бы новыя юрыдычныя абавязацельствы для Злучаных Штатаў, уключаючы абавязацельства ўступіць у вайну з Расеяй, калі б яна зноў уварвалася ва Ўкраіну. Ужо адна гэтая ўмова, як сьцьвярджаецца ў матэрыяле, рабіла дамову непрымальнай для Вашынгтона.
Выданьне адзначае, што за два гады вайны Вашынгтон і краіны ЭЗ не паказалі, што гатовыя да рызыкоўнай дыпляматыі ва ўкраінскім пытаньні або да рэальных абавязацельстваў устаць на абарону краіны ў будучыні.
Як піша Foreign Affairs, у 2022 годзе цікавасьць прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага да перамоваў зьнізілася з-за адсутнасьці заходняга энтузіязму ў адносінах да гэтай тэмы. А пасьля адступленьня расейскага войска ад Кіева Ўкраіна паверыла ў магчымасьць ваеннай перамогі над Масквой. Акрамя таго, грамадзкая думка была абураная масавымі забойствамі расейскімі вайскоўцамі цывільных жыхароў у Бучы і Ірпені. Кіеў стаў выстаўляць больш жорсткія патрабаваньні да Расеі, у тым ліку патрабуючы вываду войскаў з Данбаса. Неўзабаве перамовы заглухлі.
У верасьні 2022 года Пуцін падпісаў указы аб прызнаньні незалежнасьці Запароскай і Херсонскай абласьцей Украіны, што дазволіла запусьціць працэс іх фармальнай анэксіі. Зяленскі ў той жа дзень падпісаў указ, які забараняе Ўкраіне весьці перамовы з Пуціным
Пасьля больш чым двух гадоў крывавых баёў перамовы, якія сарваліся два гады таму, нагадваюць, што Пуцін і Зяленскі былі згодныя на кампрамісы, каб скончыць вайну, адзначае Foreign Affairs. Часопіс мяркуе, што ў будучыні перамовы аб спыненьні баявых дзеяньняў і аб пасьляваенных дамоўленасьцях павінны весьціся паралельна.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.