Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША разгледзіць асобныя законапраекты, якія прадугледжваюць вайсковую дапамогу Ізраілю, Украіне і Тайваню.
Раней выдзяленьне вайсковай дапамогі хаўрусьнікам ЗША рэгулявалася адным законам. Летась увосень адпаведны праект унесьлі для разгляду ў Палаце прадстаўнікоў, але яго заблякавалі, патрабуючы ад Белага дому больш жорсткіх захадаў у абароне межаў ЗША ад нелегальнай міграцыі.
«На гэтым тыдні мы разгледзім асобныя законапраекты з структураваным і дарэчным працэсам унясеньня правак, каб прафінансаваць нашага хаўрусьніка Ізраіль, падтрымаць Украіну ў яе вайне супраць расейскай агрэсіі, умацаваць нашых хаўрусьнікаў у Інда-Ціхаакіянскім рэгіёне, ухваліць дадатковыя захады ў супрацьдзеяньні нашым праціўнікам і ўмацаваньні нашай нацыянальнай бясьпекі», — паведаміў сьпікер Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Майкл Джонсан на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.
У студзені 2024 году Сэнат ЗША ўхваліў законапраект, у межах якога Ўкраіне выдзеляць вайсковую дапамогу на 60 мільярдаў даляраў. Большасьць кангрэсмэнаў гатовыя былі падтрымаць падобны законапраект. Галоўнай перашкодай заставалася адмова Майка Джонсана прадставіць законапраект на разгляд Палаты прадстаўнікоў. Ягонае рашэньне аб разглядзе асобных законапраектаў як саступка кансэрватыўным рэспубліканцам, якія патрабавалі магчымасьці галасаваць па кожным асобным дакумэнце.