Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расея абяцала скончыць вайну ў выпадку адмовы Ўкраіны ад NATO». Ва Ўкраіне раскрылі дэталі перамоваў з РФ у 2022 годзе


Давід Арахамія (у кепцы) на перамовах з расейскай дэлегацыяй, 28 лютага 2022 году
Давід Арахамія (у кепцы) на перамовах з расейскай дэлегацыяй, 28 лютага 2022 году

Увесну 2022 году Масква абяцала скончыць вайну супраць Украіны, калі Кіеў пагодзіцца не ўступаць у NATO. Пра гэта расказаў кіраўнік украінскай дэлегацыі на перамовах з расейскімі прадстаўнікамі дэпутат Давід Арахамія ў інтэрвію тэлеканалу «1+1».

«Каб мы ўзялі нэўтралітэт — гэта была самая вялікая для іх справа. Яны гатовыя былі скончыць вайну, калі мы возьмем, як Фінляндыя калісьці, нэўтралітэт і дамо абавязацельства, што ня будзем уступаць у NATO», — сказаў Давід Арахамія.

Ён падкрэсьліў, што гэта было ключавым пунктам, і расейская дэлегацыя «да апошняга» спадзявалася, што «дацісьне» Ўкраіну да падпісаньня такой дамовы.

Паводле Арахаміі, украінскі бок адмовіўся ад пагадненьня па двух прычынах. Па-першае, для гэтага трэба было зьмяніць Канстытуцыю краіны, бо ў ёй замацавана імкненьне Ўкраіны ўступіць у NATO. Па-другое, недавер да расейскага боку, што той ня выканае пагадненьне, — «гэта можна толькі зрабіць, калі ёсьць гарантыі бясьпекі», адзначыў Арахамія.

Ён таксама дадаў, што прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, які прыбыў тады ў Кіеў, параіў Украіне нічога не падпісваць і «проста ваяваць».

  • Расея пачала поўнамаштабнае ўварваньне ва Ўкраіну 24 лютага 2022 году. Перамовы пачаліся празь некалькі дзён пасьля гэтага, спачатку ў Беларусі, потым у Стамбуле.
  • У чэрвені 2023 году прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў лідэрам афрыканскіх краін, што па выніках перамоваў у Стамбуле ў сакавіку 2022 году «дамова аб пастаянным нэўтралітэце і гарантыях бясьпекі Ўкраіны» быў парафіяваная Арахаміяй, аднак потым Кіеў «выкінуў яго на звалку гісторыі». У адказ на гэта Арахамія ў інтэрвію задаецца пытаньнем, чаму Пуцін не апублікаваў гэты дакумэнт: «Калі б у яго быў дакумэнт, ён бы яго абнародаваў».
  • Расейскія войскі пасьля раўнду перамоваў у Стамбуле ў канцы сакавіка 2022 году былі адведзеныя з-пад Кіева і з поўначы Ўкраіны. Расейскі бок трактаваў гэта як жэст добрай волі. Наступ на Кіеў да моманту адводу войскаў захлынуўся.
  • Перамовы Расеі і Ўкраіны фактычна прыпынілі з траўня 2022 году.
  • У лістападзе 2022 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прадставіў плян, які складаецца з 10 пунктаў, вядомы як «формула міру». У прыватнасьці, ён прадугледжвае, што якія-небудзь перамовы з Масквой могуць пачацца толькі пасьля вяртаньня ёю ўсіх занятых тэрыторый Украіны, у тым ліку анэксаванага Крыму, і вываду войскаў з усіх акупаваных расеяй рэгіёнаў. Перамовы асабіста з Уладзімірам Пуціным таксама забароненыя ва Ўкраіне ўказам прэзыдэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG