Каля тысячы пераможцаў унівэрсытэцкіх алімпіядаў (уладальнікі дыплёмаў 1, 2, 3 ступеняў) рэкамэндаваныя для паступленьня без іспытаў на «запатрабаваныя эканомікай спэцыяльнасьці» ў 21 рэгіянальную ВНУ, паведаміў 17 красавіка прадстаўнік Мінадукацыі Беларусі Сяргей Пішчаў, піша «Позірк».
Пішчоў адзначыў, што ў 2024 годзе пералік запатрабаваных эканомікай спэцыяльнасьцяў пашырылі на 16 пазыцый, агулам іх больш за 50. У пераліку — такія спэцыяльнасьці, як «рамана-германская філялёгія», «фізыка», «радыёфізыка і інфармацыйныя тэхналёгіі», «матэматыка», «водныя біярэсурсы і аквакультура», «электраэнэргетыка і электратэхніка», «будаўніцтва будынкаў і збудаваньняў», «вэтэрынарная мэдыцына», распавёў чыноўнік.
Акрамя пераможцаў алімпіядаў, на гэтыя спэцыяльнасьці без уступных іспытаў могуць паступаць уладальнікі залатых мэдалёў або чырвоных дыплёмаў каледжаў, пераможцы рэспубліканскіх алімпіядаў. Усе пералічаныя катэгорыі абітурыентаў могуць паступаць у рэгіянальныя ВНУ без іспытаў на ўсе спэцыяльнасьці за выключэньнем мэдыцынскіх і зьвязаных зь міжнароднымі адносінамі, падкрэсьліў чыноўнік.
Да 1 траўня Мінадукацыі зацьвердзіць заяўкі на паступленьне на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі. Пасьля гэтага абітурыенты, якія плянуюць паступаць на такіх умовах, абавязаныя заключыць дамову з замоўнікам кадраў і падаць дакумэнты ў ВНУ. У выпадку непаступленьня на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі можна прыняць удзел у агульным конкурсе ў ВНУ.
Мінадукацыі не агучыла кантрольныя лічбы прыёму ў ВНУ. Паводле чыноўніка, для агульнага конкурсу ў ВНУ пакінуць «ня менш як 20% бюджэтных месцаў па кожнай спэцыяльнасьці» (10% — па мэдыцынскіх).
- Міністар адукацыі Андрэй Іванец 28 сакавіка казаў, што ў 2024-м набор будзе прыкладна такім жа, як летась (у 2023 годзе студэнтамі сталі 52,2 тысячы чалавек), але колькасьць бюджэтных месцаў павялічыцца на 3 тысячы.
- На сёньня адпрацоўка па разьмеркаваньні абавязковая толькі для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся за кошт бюджэту. Тыя, хто навучаецца па мэтавым накіраваньні, абавязаныя адпрацаваць па разьмеркаваньні 5 і больш гадоў (у залежнасьці ад тэрміна, прапісанага ў дамове), таксама 5 гадоў мусяць адпрацаваць выпускнікі профільных клясаў, калі яны паступяць без іспытаў у ВНУ на пэўныя спэцыяльнасьці.
- Выпускнікі 2024 году будуць залічвацца ў ВНУ па выніках двух цэнтралізаваных іспытаў, аднаго ЦТ і сярэдняга балу атэстату.