Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы дарадца прэзыдэнта ЗША Болтан расказаў, чаму новая вялікая вайна ўжо ідзе


Джон Болтан. Архіўнае фота
Джон Болтан. Архіўнае фота

Былы дарадца прэзыдэнта ЗША (2018–2019) Джон Болтан у інтэрвію «Настоящему времени» расказаў, якім павінен быць адказ Ізраіля на атаку Ірана, а таксама ацаніў наколькі ўразьлівая пазыцыя Ўкраіны на фронце і як можа зьмяніцца сытуацыя ў выпадку перамогі Дональда Трампа на прэзыдэнцкіх выбарах у ЗША.

Пра атаку Ірана на Ізраіль

За мінулыя дні Джон Болтан зрабіў некалькі жорсткіх заяў аб нападзе Ірана на Ізраіль. На думку Болтана, прэзыдэнт ЗША няправільна вядзе палітыку ў дачыненьні да гэтага канфлікту.

«Калі б Злучаныя Штаты былі атакаваныя трыма сотнямі балістычных, крылатых ракет і дронаў, то мы б помсьцілі. Як мінімум мы б атакавалі базы і збудаваньні, зь якіх гэтыя ракеты запускалі. Мы б зьнішчылі СПА краіны, якая нас атакавала, у гэтым выпадку Ірана, каб нашы ўласныя ракеты і авіяцыя змаглі прабіцца да цэляў. І я думаю, мы б на гэтым не спыніліся. Тым больш што ў выпадку з Ізраілем яны ня могуць загадзя ведаць, ці не зьмяшчае чарговая запушчаная Іранам ракета ядзерную боегалоўку!

Ізраіль — вельмі маленькая краіна. Яе былы прэм’ер-міністар Арыэль Шарон аднойчы папярэджваў аб магчымым „ядзерным Галакосьце“ з боку Ірана: паўтузіна ядзерных ракет — і Ізраіль перастане існаваць.

Так што, я думаю, Ізраіль знаходзіцца ў сваім праве. І цалкам справядліва, што ў яго неадкладных інтарэсах і, шчыра кажучы, у доўгатэрміновых інтарэсах усяго сьвету — прыняць рашэньне аб зьнішчэньні іранскай ядзернай праграмы. Лепш зрабіць гэта зараз, да таго, як Іран прыменіць ядзерную зброю. Яны пагражаюць сваім суседзям, пагражаюць усяму сьвету. Ізраіль у Іране называюць „маленькім шатанам“, а ЗША — „вялікім шатанам“. Я бачу ў гэтым прамую сувязь. І, шчыра кажучы, калі б Ізраіль вырашыў зрабіць сваёй цэльлю іранскую ядзерную праграму, Злучаным Штатам варта было б яго падтрымаць».

На пытаньне, ці ўпэўнены ён, што тыя дзеяньні, да якіх ён заклікае, не прывядуць да пачатку трэцяй сусьветнай вайны, Болтан адказаў:

«Я думаю, што гэта вельмі малаверагодна. Я думаю, што вялікая вайна, пра небясьпеку пачатку якой Байдэн і іншыя гавораць у сваіх выступах, пачалася 7 кастрычніка. Адміністрацыя Белага дома адмаўляецца глядзець на рэгіён стратэгічна. Супрацьстаяньне Ізраіля і ХАМАС у Газе і спробы хусітаў парушыць міжнароднае суднаходзтва ў Суэцкім канале і Чырвоным моры — гэта не асобныя эпізоды. Гэта ўсё справа рук Ірана. Усе гэтыя тэрарыстычныя групы навучаныя і прафінансаваныя Іранам. Іран тут лялькавод. Вось тая вялікая вайна, якая ўжо ідзе. Пытаньне ў тым, ці зможа Іран і далей трымаць Ізраіль у закладніках, пагражаючы ракетнымі атакамі, ці Ізраіль нешта вырашыць з гэтым зрабіць. У мяне няма сумневаў, што ізраільцяне цяпер знаходзяцца пад неймаверным ціскам. Але я цьвёрда ўпэўнены, што калі б ЗША зазналі падобную атаку, то не было б ніякіх сумневаў у тым, як бы мы адказалі. Дык чаму мы адмаўляем Ізраілю ў праве адрэагаваць так, як адрэагавалі б мы самі?!»

Пра пагрозы міру ад Ірана і Расеі

Параўноўваючы маштабы пагрозы для міру з боку Ірана і Расеі Болтан адзначыў:

«Іранам кіруе група сярэднявечных рэлігійных фанатыкаў, якія імкнуцца завалодаць ядзернай зброяй. Гэта вельмі небясьпечная сіла, і яна зьяўляецца часткай восі Пэкін — Масква, якая сфармавалася. Але Расея — гэта магутная ядзерная дзяржава з тысячамі боегаловак і сродкаў іх дастаўкі. У Ірана гэтага няма. Расея ўжо двойчы разьвязвала вайну супраць Украіны — у 2014-м і ў 2022-м. І ні ва Ўкраіны, ні ў Захаду не атрымалася адказаць эфэктыўна. Так што, безумоўна, Расея застаецца пагрозай, асабліва па меры ўмацаваньня гэтай восі з Кітаем. І гэтая пагроза будзе захоўвацца да таго часу, пакуль Уладзіміра Пуціна якім-небудзь чынам не адхіляць ад улады і пакуль дэмакратычныя сілы ў Расеі не атрымаюць новага шанцу. Я ня ведаю, калі гэта адбудзецца. Я ня вельмі аптымістычны. Але датуль нічога ў Расеі не зьменіцца».

У канцы мінулага тыдня агенцтва Bloomberg, спасылаючыся на крыніцы, паведаміла, што Кіеў знаходзіцца ў найбольш уразьлівай пазыцыі за ўсе два гады вялікай вайны. Болтан жа лічыць, што найбольш уразьлівай Украіна была ў пачатку поўнамаштабнай вайны.

«Расейскі напад праваліўся дзякуючы ўпартаму супраціву і вялікай долі ўдачы. Яны не змаглі захапіць аэрапорт Антонаў у прыгарадзе Кіева, куды іх войскі маглі б дастаўляць транспартныя самалёты. Замест гэтага давялося выстройвацца ў доўгія аўтакалёны, якія ўкраінцы расстрэльвалі. У гэтым была вялікая доля выпадку, хоць я і аддаю належнае ўпартасьці ўкраінскага супраціву. Але Ўкраіна магла вельмі хутка прайграць вайну.

Цяпер жа ёсьць небясьпека, калі ЗША хутка ня вырашаць пытаньні з пакетамі дапамогі. Тут на слуханьнях агучваліся даныя, што на кожны ўкраінскі снарад Расея выпускае 5-6 сваіх. Доўга так працягвацца ня можа. Украіне, відавочна, даводзіцца ашчаджаць боепрыпасы. Лепшае, на што мы можам спадзявацца да таго, як пройдуць амэрыканскія выбары, — гэта замарожваньне канфлікту. Я думаю, што Пуцін чакае Трампа. І калі яго выберуць прэзыдэнтам, то тады мне будзе вельмі хвалююча за лёс Украіны».

Пра палітыку Трампа

Болтан адзначыў, што занепакоены будучай замежнай палітыкай ЗША ў выпадку перамогі Трампа на выбарах у ЗША.

«Я думаю, што калі Трамп рэальна сфакусуецца, што для яго няпроста, на пытаньнях NATO, то ён можа абʼявіць аб выхадзе з Альянсу. Прэзыдэнты маюць права выходзіць зь любых пагадненьняў, і ён можа гэта зрабіць. Наступствы для ЗША ва ўсім сьвеце сталі б катастрафічнымі, але Трамп можа прыняць такое рашэньне, гэта магчыма. І Пуцін зь цікавасьцю будзе назіраць за тым, ці зробіць гэта Трамп, таму што выхад ЗША з NATO зробіць Альянс неэфэктыўным ня толькі ў справе дапамогі Ўкраіне, але і для саміх краін – сяброў блёку.
І я таксама думаю, што Пуцін уважліва слухаў словы Трампа аб тым, што ён нібыта можа спыніць вайну ва Ўкраіне за 24 гадзіны, што, вядома, недарэчна. Трамп казаў, што зможа арганізаваць сустрэчу Пуціна і Зяленскага і так усё вырашыць. Гэтага, вядома, таксама не адбудзецца. Але калі ён ня зможа знайсьці хуткае рашэньне, ён захоча знайсьці вінаватага. А сваёй уласнай віны ў гэтым ён ня ўбачыць. І вось тут, я баюся, ведаючы, як Трамп захапляецца Пуціным, ён амаль немінуча знойдзе вінаватага ў асобе Зяленскага. І вось гэта будзе вельмі дрэнна для Ўкраіны».

На думку Болтана, Пуціну можа здавацца, што ў яго ёсьць перавага ва Ўкраіне — праз праблемы з пастаўкамі ўзбраеньняў, прзь нядаўнія лякальныя посьпехі расейскай арміі на фронце.

«Калі ў нейкі момант Пуцін раптам скажа: „Гэтая вайна зацягнулася, давайце зробім замірэньне, правядзем мірныя перамовы ў Жэнэве“, то тады па факце ён атрымае новую расейска-ўкраінскую мяжу ўздоўж лініі судакрананьня. І для Ўкраіны гэта будзе раўназначна паразе».

Пра выбары ў ЗША

Раней у інтэрвію CNN Болтан назваў Байдэна «ганьбай» ЗША, а пра Трампа сказаў, што ён трызьніць. На пытаньне, які вынік прэзыдэнцкіх выбараў Болтана б задаволіў, той адказаў:

«Няма добрага зыходу. У 2020-м, калі выбар быў такім жа, у Мэрылэндзе, дзе я жыву, я ў бюлетэнь упісаў імя Дзіка Чэйні. І зраблю так зноў сёлета. Я разумею, што Чэйні ня выйграе, разумею, што гэта будзе Трамп ці Байдэн. Але я толькі так магу выказаць сваё непрыманьне іх абодвух. Я думаю, што ні той, ні другі не заслугоўваюць быць прэзыдэнтам Злучаных Штатаў. 70% амэрыканцаў у апытаньнях за апошні год выказаліся, што не жадаюць паўтарэньня выбараў з Трампам і Байдэнам. Але менавіта такі выбар мы атрымалі».

Сытуацыю, чаму ў гэтым выбарчым цыкле абедзьве амэрыканскія партыі прыйшлі да таго, калі не існуе альтэрнатыўных кандыдатаў, Болтан тлумачыць наступнае:

«У Рэспубліканскай партыі было шмат альтэрнатыўных кандыдатаў. І некаторыя зь іх заслугоўвалі заняць прэзыдэнцкае крэсла. Але ніводзін ня змог прабіцца. Ня тое каб у Трампа была большасьць у Рэспубліканскай партыі — у яго было 30-35%, але астатнія кандыдаты проста не змаглі пераканаць выбарнікаў і Трамп змог атрымаць вылучэньне. А ў Дэмакратычнай партыі, нягледзячы на ўзрост Байдэна і яго фізычны стан, ніводзін кандыдат нават не паспрабаваў яму супрацьстаяць. І я думаю, што дэмакраты зрабілі вялізную памылку. Калі б яны вылучылі любога іншага кандыдата, акрамя Камалы Гарыс, у іх было б значна больш шанцаў перамагчы Трампа ў лістападзе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG