Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Тбілісі пачаўся бестэрміновы мітынг апазыцыі супраць закону аб «іншаземных агентах»


Пратэсты ў Тбілісі
Пратэсты ў Тбілісі

Апазыцыйныя арганізацыі Грузіі мяркуюць, што новы закон носіць відавочна прарасейскі характар і аддаляе краіну ад Эўропы.

У Тбілісі ля будынку парлямэнту пачаўся бестэрміновы мітынг апазыцыі і няўрадавых арганізацый «Так — Эўропе, не — расейскаму закону». Ён накіраваны супраць законапраекту кіроўнай партыі «Грузінская мара» пад назвай «Аб празрыстасьці вонкавага ўплыву», які апанэнты ўладаў лічаць аналягам расейскага закону «Аб іншаземных агентах».

Арганізатары ўжо заявілі, што мітынг будзе працягвацца да таго часу, пакуль кіроўная партыя не адмовіцца ад спробаў прыняць закон, які пратэстоўцы называюць антыдэмакратычным і антыэўрапейскім. Будынак парлямэнту ахоўваў паліцэйскі спэцназ. Людзі ўначы разышліся, але апазыцыя гаворыць пра новы збор неўзабаве.

Паліцыя затрымала за ўдзел у пратэстах 14 чалавек. МУС Грузіі паведаміла, што іх затрымалі за хуліганскія дзеяньні і непадпарадкаваньне паліцыі.

З раніцы панядзелка законапраект горача абмяркоўвалі на пашыраным паседжаньні парлямэнцкага юрыдычнага камітэту. Адбылася і бойка: лідэр партыі «Грамадзяне», дэпутат Алека Элісашвілі, ударыў у твар кіраўніка парлямэнцкай большасьці Мамуку Мдынарадзэ, пакуль той быў за трыбунай. Элісашвілі выкрыкнуў «Ты расеец!», пасьля чаго аднапартыйцы Мдынарадзэ пачалі біць ужо нападніка.

Па выхадзе з будынку, Элісашвілі сказаў журналістам, што яго пабілі, але ён гатовы да пакутаў і фізычнага болю, «каб выратаваць радзіму ад расейскага прыгону».

Шэраг дэпутатаў ад апазыцыі, у тым ліку партыі Міхэіла Саакашвілі «Адзіны нацыянальны рух», а таксама прадстаўнікоў некамэрцыйных арганізацый выставілі з паседжаньня пасьля рашэньня старшыні камітэту Анры Аханашвілі. Сярод выгнаных была колішняя амбасадарка Грузіі ў Эўразьвязе Саломэ Самадашвілі. У эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода яна заявіла, што кіроўная партыя «стала на шлях Януковіча», маючы на ўвазе зрынутага ў 2014 годзе прэзыдэнта Ўкраіны, дзеяньні якога прывялі да другога Майдану.

Паводле інфармацыі Самадашвілі, у панядзелак днём паслы дзяржаў ЭЗ, ЗША і Вялікай Брытаніі «ажыцьцявілі дыпляматычны дэмарш», папярэдзіўшы грузінскія ўлады аб сур’ёзных наступствах у выпадку прыняцьця закону. Імаверна, гэта адбылося падчас сустрэч паслоў з прэм’ер-міністрам Іракліем Кабахідзэ ў будынку дзяржаўнай канцылярыі. Раней Кабахідзэ заяўляў, што закон «цалкам адпавядае інтарэсам Грузіі і эўрапейскім дэмакратычным каштоўнасьцям».

Прэм’ер прапанаваў заходнім дыпляматам, якія актыўна крытыкуюць законапраект «і якія паказваюць грузінскаму парлямэнту, які закон прымаць, а які не», прыняць удзел у тэледэбатах. Ён паскардзіўся, што паслы заходніх краін, крытыкуючы закон, «не тлумачаць, чым ён адрозьніваецца ад аналягічнага заканадаўства, якое дзейнічае ў краінах Эўразьвязу і ЗША».

Апазыцыя і няўрадавыя арганізацыі асьцерагаюцца страты Грузіяй статусу кандыдата ў сябры Эўразьвязу, які краіна атрымала ў канцы 2023 году. Мдынарадзэ і іншыя лідэры «Грузінскай мары» адмаўляюць гэта. Яны заяўляюць, што ў ЭЗ не існуе юрыдычнай працэдуры пазбаўленьня краіны статуту кандыдата.

Раней нямецкі канцлер Оляф Шольц падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне з прэм’ерам Іракліем Кабахідзэ назваў законапраект «непрымальным», паколькі ён ускладніць дзейнасьць няўрадавых арганізацый, якія садзейнічаюць будаўніцтву дэмакратычных інстытутаў Грузіі.

Летась «Грузінская мара» ўжо спрабавала прыняць закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», але была вымушана прагаласаваць у другім чытаньні супраць уласнага законапраекту пасьля бурных пратэстаў і сутыкненьняў на праспэкце Руставэлі, каля будынку парлямэнту, дзе раненьні і розныя калецтвы атрымалі сотні дэманстрантаў і супрацоўнікаў паліцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG