Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталіцы Грузіі адбыўся «Марш свабоды супраць расейскага закону»


Мітынг у Тбілісі, каля будынка парлямэнту
Мітынг у Тбілісі, каля будынка парлямэнту

У цэнтры Тбілісі каля дзесяці тысяч чалавек у аўторак узялі ўдзел у маніфэстацыі супраць плянаў урадавай партыі «Грузінская мара» прыняць закон «Аб празрыстасьці замежнага ўплыву», які прадстаўнікі няўрадавых арганізацый і апазыцыйныя партыі называюць «расейскім законам».

Праціўнікі гэтага дакумэнту адзначаюць, што аналягічны закон аб замежных агентах, прыняты некалькі гадоў таму ў Расеі, прывёў да рэпрэсій, абмежаваньня свабоды СМІ і стыгматызацыі прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці.

Дэпутатка парлямэнту Грузіі, былая кіраўніца Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Хатыя Дэканаідзэ заявіла, што ўрад «Грузінскай мары», нягледзячы на празаходнюю рыторыку, «выношвае тыя ж пляны па ўсталяваньні антыдэмакратычнага рэжыму».

«Марш свабоды», пачаўся на плошчы Рэспублікі. Тысячы чалавек прайшлі па цэнтральным праспэкце Руставэлі, а наперадзе несьлі плякат з галоўным лёзунгам: «Так — Эўропе! Не — расейскаму закону!».

Шэсьце завяршылася каля будынку парлямэнту, на тым жа месцы, дзе 9 красавіка 1989 году адбылася пераломная падзея найноўшай гісторыі Грузіі: больш за дваццаць чалавек загінулі падчас сутыкненьняў паміж прыхільнікамі незалежнасьці і савецкімі войскамі, перакінутымі ў Тбілісі, каб здушыць пратэсты.

Арганізатары сёлетняга шэсьця не хавалі, што вырашылі правесьці яго менавіта ў чарговую гадавіну трагічных падзей, каб «падкрэсьліць пераемнасьць барацьбы за свабодную і дэмакратычную будучыню Грузіі». З такой заявай у інтэрвію журналістам падчас акцыі пратэсту выступіла былая амбудсмэнка Грузіі Ніно Ламджарыя.

Улады краіны сьцьвярджаюць, што закон, зарэгістраваны для разгляду ў парлямэнце, «служыць толькі празрыстасьці вонкавага фінансаваньня няўрадавых арганізацый». Прэм’ер-міністар краіны Іраклій Кабахідзэ на пасяджэньні ўраду абвінаваціў НДА ва «ўтойваньні крыніцаў фінансаваньня і мэтаў сваёй дзейнасьці». А выканаўчы сакратар урадавай партыі «Грузінская мара» папярэдзіў, што калі за гэты закон Захад увядзе санкцыі супраць грузінскіх уладаў, то «гэта будзе вялізнай несправядлівасьцю, бо аналягічныя законы дзейнічаюць у ЗША і многіх заходніх краінах».

Дысыдэнт савецкіх часоў Леван Бэрдзэнішвілі, які заснаваў «Рэспубліканскую партыю Грузіі» ў 1979 годзе, лічыць, што ўлады відавочна хітруюць і рыхтуюць гэты закон толькі як першы крок, каб пабудаваць аўтакратычны рэжым: «За гэтым законам рушаць усьлед іншыя законы, якія вынікаюць зь яго! Дакладна гэтак жа, як гэта адбылося ў Расеі», — кажа Бэрдзэнішвілі. Паводле яго, мэта ўрадавай партыі — прымусіць замаўчаць СМІ і грамадзянскую супольнасьць. Бэрдзэнішвілі таксама згадаў «відавочную замову Масквы».

Летась Грузія атрымала статус кандыдата ў Эўразьвяз з умовай, што ў краіне правядуць інстытуцыйныя рэформы і ўмацуюць дэмакратыю, у тым ліку выканаюць праграму зь дзевяці пунктаў, адзін зь якіх рэкамэндуе ўладам стварыць спрыяльныя ўмовы для свабоднай працы арганізацый грамадзянскай супольнасьці і СМІ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG