Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хлопцы вельмі моцна загуляліся ў спэцслужбы». Як беларусы зладзілі «допыт» былому палітвязьню ў Варшаве


Сяргей Бяспалаў справа
Сяргей Бяспалаў справа

Блогер Сяргей Бяспалаў запрасіў на інтэрвію былога палітвязьня Дзяніса Князева. Аднак замест інтэрвію зладзілі праверку, ці не завэрбаваны ён. Вэрсіі бакоў прынцыпова адрозьніваюцца.

«Ён адразу сказаў, што ніякага інтэрвію зараз ня будзе»

Дзяніс Князеў — былы беларускі палітвязень зь Менску. Яго ў 2022 годзе затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, моцна зьбілі, трымалі пад вартай тры месяцы, потым асудзілі на тры гады «хатняй хіміі». «Здала» Князева сілавікам ягоная былая дзяўчына, яна даслала ім фота Дзяніса з маршу пратэсту. Князеў зьехаў зь Беларусі, цяпер жыве за мяжой. Пасьля ад’езду даў шэраг інтэрвію беларускім мэдыя. Напісаў падрабязны тэкст пра тое, як яго перасьледавалі ў Беларусі.

Сяргей Бяспалаў — вядомы беларускі блогер, аўтар каналаў «Мая краіна — Беларусь», «Усы Лукашенко». У чэрвені 2020 году, калі пачаліся затрыманьні блогераў, зьехаў зь Беларусі. У 2022 годзе заяўляў, што мае дачыненьне да прэс-службы палку Каліноўскага ва Ўкраіне, публікаваў фота, на якіх ён са зброяй, у вайсковай форме. Цяпер Бяспалаў удзельнічае ў «Паспалітым рушэньні».

«Паспалітае рушэньне» — ініцыятыва, якая называе сваёй мэтай незалежнасьць Беларусі і аднаўленьне законнасьці на тэрыторыі краіны. Яе стварылі ў верасьні 2022 году. Гэта нецэнтралізаваная арганізацыя, у якую ўваходзяць харугвы (падразьдзяленьні) у розных гарадах і краінах, у тым ліку ў Польшчы і Літве. Яны займаюцца вайсковай, спартовай, мэдычнай падрыхтоўкай сваіх удзельнікаў. Рэжым Лукашэнкі лічыць «Паспалітае рушэньне» «экстрэмісцкім фармаваньнем».

Як расказаў Свабодзе Дзяніс Князеў, непрыемная сытуацыя адбылася ўвечары 25 сакавіка ў Варшаве. Яго запрасіў на інтэрвію блогер Сяргей Бяспалаў. Месца ў цэнтры Варшавы — вуліца Гжыбоўска, 30. Князеў меркаваў, што там месьціцца студыя для запісу. Аднак, як выявілася пазьней, гэта дом, дзе здаюць кватэры на суткі.

Дзяніс Князеў
Дзяніс Князеў

На месцы былога палітвязьня сустрэў Бяспалаў, якога Князеў не пазнаў, бо раней ня бачыў. Па словах Князева, яны падняліся на ліфце ў невялікую кватэру. Там знаходзіўся яшчэ адзін незнаёмы мужчына. Бяспалаў заварыў госьцю гарбату, потым выйшаў і закрыў дзьверы звонку на ключ, сьцьвярджае Князеў. Доказаў гэтаму, апрача словаў Князева, няма.

Мужчына, які застаўся ў пакоі, прадставіўся Русланам. Пазьней высьветлілася, што гэта Руслан Асадулаеў з пазыўным «Шляхціч». Ён вучыўся ў Вайсковай акадэміі ў Менску, потым сышоў у бізнэс у сфэры грамадзкага харчаваньня. Цяпер у вышуку ў Беларусі, удзельнічае ў «Паспалітым рушэньні». Тэртэль называў яго «самым небясьпечным беларусам».

Са словаў Князева, Асадулаеў каротка прадставіўся супрацоўнікам «спэцслужбаў». Пасьля ўдакладненьня дадаў, што «ня польскіх». Дакумэнтаў былому палітвязьняў ніхто не паказваў. Суразмоўца сьцьвярджае, што не разумеў, хто перад ім і што агулам адбывалася.

«Ён адразу сказаў, што ніякага інтэрвію зараз ня будзе — будзе допыт. Адразу спытаў, ці патрыёт я, ці не. Мяне гэта ўсхвалявала, бо звычайна пасьля такіх пытаньняў людзей у Беларусі зьбіваюць», — расказвае Дзяніс.

Зь ягоных словаў, «допыт» ішоў тры гадзіны. Князеў тлумачыць, што не сышоў з гэтай кватэры, калі зразумеў, што інтэрвію ня будзе, бо спужаўся. Ён хацеў выйсьці, але пачуў, што ён ня выйдзе з пакою, пакуль не адкажа на ўсе пытаньні.

«Я спужаўся. Я ня ведаў, што рабіць. Я не чакаў такога. Я лічыў, што такога ў Эўразьвязе ня можа быць… Калі б мяне пачалі зьбіваць, я б, напэўна, сталамі пачаў адбівацца ці грукацца кудысьці. Мяне спачатку прыбіла гэтая сытуацыя», — успамінае былы палітвязень.

Потым ён вырашыў, што трэба перамагчы свой страх і даведацца, хто гэтыя людзі і што ім трэба. Таму працягнуў гутарку. Пытаньні, са словаў Князева, тычыліся таго, дзе ён жыве і чым займаецца, якім шляхам зьяжджаў зь Беларусі, у якім консульстве рабіў візу, якіх міліцыянтаў выкрыў. На думку экс-палітвязьня, яго хацелі змусіць да супрацоўніцтва з гэтай групай людзей.

«Я сказаў, што я ня той чалавек, я ні з кім не супрацоўнічаю. Ім не спадабалася, што я на некаторыя пытаньні не адказваў», — успамінае Князеў.

Зьлева направа Руслан Асадулаеў, Сяргей Бяспалаў і яшчэ адзін удзельнік «Паспалітага рушэньня»
Зьлева направа Руслан Асадулаеў, Сяргей Бяспалаў і яшчэ адзін удзельнік «Паспалітага рушэньня»

Экс-палітвязень заўважыў у суразмоўцы тэчку са сваімі зьвесткамі, пашпартнымі фатаздымкамі, у тым ліку дзіцячымі, фота дачкі, зьвесткамі пра бацькоў, тэкстам перапісак. Быў і сьпіс пытаньняў.

У Князева неаднаразова патрабавалі аддаць тэлефон, але ён адмовіўся. Урэшце ён патэлефанаваў знаёмаму і расказаў, у якой сытуацыі апынуўся. Таксама ён, як сьцьвярджае, запісаў усю гутарку на дыктафон і зрабіў некалькі фота ўдзельнікаў сустрэчы. Запіс гутаркі Свабодзе не перадаў.

«Ці гэта самадзейнасьць, хтосьці вырашыў пагуляць у дэтэктываў ці сьледчых, я ня ведаю… Я лічу, што не павінна такіх допытаў быць у Эўразьвязе. Ці трэба цяпер перад інтэрвію папярэджваць, куды я іду, або браць з сабой пярцовы балёнчык ці нож?» — разважае ён.

Дзьверы адчынілі звонку, толькі калі скончыліся ўсе пытаньні. Ужо пасьля гутаркі да іх далучыўся трэці чалавек з «Паспалітага рушэньня». Адказаў, што ён з ФСБ, успамінае Дзяніс. Ці быў гэта жарт, беларус не зразумеў.

На той момант на гэты адрас прыехалі некалькі знаёмых Князева. Яны выклікалі паліцыю. Паліцыя, са словаў суразмоўцы, апытала прысутных, узялі асабістыя зьвесткі. Аднак ніякай справы не заводзілі, бо шкоды Князеву ніхто не прычыніў. Паперы з паліцыі ў яго не засталося.

Прэс-сакратар варшаўскай паліцыі на пытаньне наконт гэтай сытуацыі адказаў Свабодзе, што яны ня могуць даваць такія зьвесткі ў мэдыя. Ён заўважыў, што калі чалавека пазбаўлялі свабоды і ўтрымлівалі сілай, то ён можа зьвярнуцца з гэтым да праваахоўных органаў.

Князеў таксама кажа, што зьвярнуўся наконт гэтай сытуацыі да польскіх спэцслужбаў (Agencja bezpieczeństwa wewnętrznego). Зь ягоных словаў, яны разьбіраюцца ў ёй.

Адна са знаёмых былога палітвязьня, якая прыяжджала на месца гэтай сустрэчы, адмовілася даваць камэнтары. Сытуацыю яна назвала «вельмі дзіўнай».

Тэлеграм-канал, зьвязаны зь сілавікамі рэжыму Лукашэнкі, апублікаваў ажно два допісы, у якіх закраналася гэтая падзея.

«Ён мог сысьці ў любы момант»

Як расказаў Свабодзе Сяргей Бяспалаў, Дзяніса Князева «ніхто не зачыняў, ён мог сысьці ў любы момант, і гэта быў ня допыт». Са словаў блогера, «польскія саюзьнікі» пачалі падазраваць, што Князеў — агент КДБ, што ён езьдзіў па гарадах, зьбіраў інфармацыю пра «Паспалітае рушэньне» і іншыя рухі. Бяспалаў сьцьвярджае, што Князева затрымлівалі ў Нямеччыне, рабілі ў яго ператрус.

«Там (у Варшаве. — РС) пазьней была паліцыя, якая вырашыла, што ніякага затрыманьня, як ён кажа, не было. Зь ім (Руслан) хацеў толькі 30 хвілін, максымум гадзіну пагутарыць, на што Дзяніс пагадзіўся, але балбатаў тры гадзіны і пазьней сыходзіць не хацеў. Калі выйшаў з кватэры, то адразу вярнуўся і далей працягваў балбатаць», — дадае Бяспалаў.

Факт працягу размовы ўжо пасьля таго, як выйшаў з кватэры, пацьвярджае і сам Князеў.

«Хлопцы вельмі моцна перайгралі ў спэцслужбы»

Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар сказаў Свабодзе, што яны разьбіраліся ў гэтай сытуацыі. Ён кажа, што Сяргей Бяспалаў і паплечнікі ўваходзяць у «Паспалітае рушэньне».

«Гэтая тройца, якая праводзіла своеасаблівае апэратыўнае апытаньне, прадстаўляе так званае „Паспалітае рушэньне“. Хлопцы вельмі моцна зайграліся ў спэцслужбы. Яны сапраўды палічылі сябе людзьмі, якія валодаюць адпаведнымі ведамі, досьведам, уменьнямі, каб праводзіць такога роду дзеяньні», — кажа Жыгар.

Уладзімер Жыгар
Уладзімер Жыгар

Зь ягоных словаў, прадстаўнікі «Паспалітага рушэньня» вырашылі, што Князеў можа мець дачыненьне або быць завэрбаваным спэцслужбамі Лукашэнкі, хоць ніякіх, ні прамых, ні ўскосных доказаў гэтаму не было.

«Нас не прыцягвалі да гэтага, ніхто іх не вучыў. Сытуацыя вельмі нядобрая. Так „кашмарыць“ людзей нельга, бо ты не разумееш, што трэба рабіць, як трэба гаварыць. Гэтаму вучацца. Гэта прыходзіць з досьведам», — мяркуе былы сілавік.

Жыгар кажа, што ён ня ведае іншых выпадкаў, каб прадстаўнікі «Паспалітага рушэньня» праводзілі падобныя гутаркі, апытаньні ці допыты.

«Ніякага прэсінгу не было»

Сваёй думкай са Свабодай падзяліўся таксама адзін з заснавальнікаў «Паспалітага рушэньня» Кірыл Якімовіч. Па яго словах, цяпер ён мае меншае дачыненьне да справаў «рушэньня», пэрыядычна дапамагае хлопцам. Пра выпадак з «допытам» даведаўся, толькі калі да яго зьвярнуліся журналісты.

«Калі чалавека сапраўды зачынілі ў памяшканьні супраць ягонай волі, такая сытуацыя максымальна недапушчальная, тым больш ад арганізацыі, якая мае дачыненьне да сілавых стасункаў», — камэнтуе прадстаўнік «Паспалітага рушэньня».

Кірыл Якімовіч перакананы, што праяўляць сілу ў дачыненьні да людзей, тым больш да палітвязьняў, якія прайшлі праз катаваньні, абсалютна недапушчальна. На ягоную думку, спартова-ваенізаваная арганізацыя, якая дзейнічае на тэрыторыі іншай дзяржавы, павінна «дзесяць разоў думаць, перад тым як рабіць сілавыя акцыі».

Кірыл Якімовіч
Кірыл Якімовіч

Ён падкрэсьлівае, што існаваньне такой арганізацыі наўпрост залежыць ад стаўленьня ўладаў, спэцслужбаў той краіны, на якой дзейнічаюць беларускія ініцыятывы.

«Менш за ўсё б хацелася б мець праблемы. Людзі ў „Паспалітым рушэньні“, якія гэта маглі зрабіць, павінны ведаць, што, хутчэй за ўсё, гэта будзе мець унутраныя наступствы… Ня думаю, што беластоцкія хлопцы будуць задаволеныя, калі гэта рабілася ў Варшаве, бо падумаюць пра ўсіх. Гэта не вядзе ні да чога добрага», — разважае Кірыл Якімовіч.

Ён думае, што ніводная беларуская структура за мяжой ня мае права праводзіць падобнае сьледзтва ў дачыненьні да іншых людзей, бо гэта незаконна.

На думку Якімовіча, у выпадку, калі беларусы падазраюць сваіх суайчыньнікаў за мяжой у супрацы са спэцслужбамі ці іншымі структурамі рэжыму Лукашэнкі, то можна сабраць інфармацыю пра гэтага чалавека несілавым спосабам і перадаць свае падазрэньні ў праваахоўныя органы Польшчы ці іншай дзяржавы, дзе яны жывуць.

Пазьней Кірыл Якімовіч паразмаўляў з паплечнікамі, абазнанымі ў сытуацыі. Ён пераказаў Свабодзе іхную пазыцыю — «ніякага прэсінгу не было».

«Яны сапраўды размаўлялі з чалавекам, на якога зьбіралі інфармацыю чатыры месяцы і перадалі яе палякам. Доказаў ня мае ніводзін з бакоў, ніхто яму не пашкодзіў. „Рушэньню“ таксама не патрэбныя такія праблемы, каб іх абвінавачвалі бяздоказна. Такі канфлікт мог выйсьці ў любога чалавека з любым чалавекам. Ад такіх бяздоказных абвінавачаньняў можа пацярпець вялікая арганізацыя», — дадае Кірыл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG