У дзіцячую інфэкцыйную лякарню ў Менску шпіталізавалі сем вучняў ліцэю БНТУ, паведаміла 4 красавіка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя Беларусі. У ведамстве не называюць прычыны шпіталізацыі дзяцей.
Цяпер дзяцей аглядаюць спэцыялісты лякарні разам са спэцыялістамі катэдраў дзіцячых інфэкцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага мэдыцынскага ўнівэрсытэту.
«Стан дзяцей, якія знаходзяцца на лячэньні ў дзіцячай інфэкцыйнай лякарні, стабільны. Частка падлеткаў, зь меншымі скаргамі, знаходзяцца на амбуляторным лячэньні дома», — паведамляе Мінздароўя, не ўдакладняючы іх колькасьць.
У ведамстве таксама адзначылі, што сытуацыя знаходзіцца «на кантролі міністра аховы здароўя Аляксандра Хаджаева і старшыні камітэту аховы здароўя Менгарвыканкаму Ігара Юркевіча», а спэцыялісты санітарна-эпідэміялягічнай службы Менску праводзяць комплекс санітарна-супрацьэпідэмічных захадаў па расьсьледаваньні сытуацыі.
Крыніца «Люстэрка» распавяла, што яе сяброўка, у якой дачка вучыцца ў ліцэі БНТУ, кажа, што «ў большасьці дзяцей там проста ротавірус».
«Цяпер дачка сяброўкі дома, учора проста ванітавала, сёньня парадак. У самім ліцэі бацькам сказалі, што «нічога страшнага, проста прыйшлі ўсе пасьля канікулаў, нехта прынёс вірус, ён за тры дні спрацаваў», — кажа крыніца выданьня.
Паводле яе, сымптомы ў дзяцей зьявіліся недзе пасьля абеду 3 красавіка.
Намесьніца дырэктара ліцэя БНТУ Натальля Грыневіч на пытаньні журналісткі «Люстэрка», якая патэлефанавала як усхваляваная маці, заклікала «ня верыць чуткам»:
«Па-першае, [захварэў] ня ўвесь ліцэй, — расказала яна. — Па-другое, працуе санэпідслужба, і ніякіх яшчэ заключэньняў і высноваў яны не зрабілі. Таму распаўсюджваць ілжывую інфармацыю я, напрыклад, ня стану, пакуль няма афіцыйных дадзеных. <...> Пакуль няма ніякай інфармацыі. Што спрычынілася да таго, што дзеці трапілі ў лякарню, ніхто ня ведае».
Пры гэтым намесьніца дырэктара ўпэўненая, што неабходнасьці ў карантыне для навучэнцаў няма: «мы ўсе былі кантактамі, зараз ужо ізаляцыю і карантын рабіць бессэнсоўна», заявіла яна.