Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У расейскай Думе абурыліся, што школьнікам прапанавалі напісаць сачыненьне паводле ўрыўку з кнігі Алексіевіч


Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота 2022 году
Сьвятлана Алексіевіч, архіўнае фота 2022 году

Кіраўніца камітэту абароны сям’і Дзярждумы РФ Ніна Астаніна накіравала дэпутацкі запыт на імя міністра асьветы Расеі, патрабуючы разабрацца, чаму ў адзіным дзяржаўным іспыце (ЕГЭ) па расейскай мове быў тэкст беларускай пісьменьніцы, нобэлеўскай ляўрэаткі Сьвятланы Алексіевіч.

Пра выпадак паведамілі шэраг расейскіх СМІ.

У запыце Астаніна адзначае, што сярод тэкстаў, паводле якіх прапаноўвалі напісаць сачыненьне на датэрміновым ЕГЭ па расейскай мове 26 сакавіка, быў фрагмэнт твора Алексіевіч «Чарнобыльская малітва». Астаніна абвінаваціла беларускую пісьменьніцу ў «адкрытай русафобіі», заявіўшы, што творы Алексіевіч нібыта «вылучае нянавісьць» да Расеі і так званай «саюзнай дзяржавы». Яна абвінаваціла аўтарку і ў тым, што яна атрымлівала ордэны і ўзнагароды ад дзяржаў – чальцоў NATO падчас вайны супраць Расеі Ўкраіны.

«Расабрнагляд», камэнтуючы сытуацыю, заявіў, што тэксты Алексіевіч не выкарыстоўвалі падчас датэрміновага ЕГЭ па расейскай мове. У ведамстве прызналі, што тэксты пісьменьніцы сапраўды сустракаліся ў матэрыялах ЕГЭ, але «на прыватных трэніровачных рэсурсах да ЕГЭ», за якія «Расабрнагляд» адказнасьць не нясе, заявілі ў ведамстве.

  • Сьвятлана Алексіевіч — беларуская пісьменьніца, ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за 2015 год. Аўтарка кніг «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі», «Чарнобыльская малітва», «Час сэканд-хэнд» і іншых.
  • У Беларусі кнігі Сьвятланы Алексіевіч у 2021 годзе выключылі са школьнай праграмы, а з чэрвеня 2022 году загадалі прыбраць і са школьных бібліятэк Беларусі.
  • Сьвятлана Алексіевіч неаднойчы адкрыта выказвалася супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі, а таксама супраць вайны Расеі ва Ўкраіне. Так, у адным з апошніх інтэрвію Радыё Свабода Сьвятлана Алексіевіч, сярод іншага, казала, што «Расея стала яшчэ больш жахлівай, яна ідзе да фашызму».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG