Сілавікі затрымалі групу людзей, якія пакінулі нэгатыўныя пасты пра гібель у ДТЗ супрацоўніка Дзяржаўнай аўтаінспэкцыі, піша «Люстэрка» са спасылкай на неафіцыйны тэлеграм-канал МУС.
У сваім допісе сілавікі паказалі здымак экрану зь пяцьцю камэнтарамі, якія выклікалі ў іх абурэньне і жаданьне завесьці з гэтай нагоды справы. Аднак колькасьць затрыманых не ўдакладняюць.
Прапагандысты адзначылі, што затрыманыя «адкажуць за свае словы па ўсёй строгасьці закону».
28 сакавіка на 99-м км аўтадарогі Р6 Івацэвічы — Пінск — Столін паблізу вёскі Стытычава Пінскага раёну МАЗ зьбіў 35-гадовага супрацоўніка АДАІ Пінскага ГАУС, які глядзеў за дарожным рухам на гэтым участку.
Раней у Беларусі грамадзян затрымлівалі за нэгатыўныя камэнтары пасьля гібелі авіяпілётаў, супрацоўніка сілавых службаў у перастрэлцы з Андрэем Зельцарам і на іншых падставах. Апошнім часам затрымлівалі за камэнтары пра тэракт пад Масквой.
Нярэдка ў такіх выпадках на людзей заводзяць не адміністрацыйныя, а крымінальныя справы.