КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» сайт Znadniemna.pl. Рашэньне прынялі 26 сакавіка і з красавіка дадалі ў рэестар.
«Група грамадзян ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць праз інтэрнэт-сайт», — адзначаюць стваральнікі сьпісу.
У сувязі з сайтам згаданыя Анджэй Пісальнік і Іна Тодрык-Пісальнік.
Прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем» старонка — чарговы акт перасьледу беларускіх палякаў, неляяльных рэжыму Лукашэнкі. Раней улады праводзілі вобшукі ў сядзібах і кватэрах чальцоў арганізацыі, вымусілі частку ўдзельнікаў палітычна матываванай справы пакінуць Беларусь. За кратамі працягвае знаходзіцца дзеяч Саюзу палякаў, журналіст Андрэй Пачобут, які атрымаў вырак у 8 гадоў калёніі.
Пад хатнім арыштам была і старшыня Саюзу палякаў Беларусі Анжаліка Борыс. Яе, а таксама Пачобута і іншых дзеячоў Саюзу палякаў Беларусі, арыштавалі ў сакавіку 2021 году ў так званай «справе палякаў». Пачобут і Борыс адмовіліся ад вызваленьня ў абмен на згоду пакінуць радзіму. У сакавіку 2022 году Борыс перавялі са сьледчага ізалятару ў Жодзіне пад хатні арышт. 4 красавіка 2023 году стала вядома пра вызваленьне Анжалікі Борыс з-пад хатняга арышту. Пазьней справу супраць яе закрылі.
Ганну Панішаву, Ірэну Бярнацкую і Марыю Цішкоўскую вызвалілі з-пад арышту і выслалі зь Беларусі ў чэрвені 2021 году на просьбу былога прэзыдэнта Казахстану Нурсултана Назарбаева.