Пра выпадак вандалізму паведамляе выданьне «Glos z-nad Niemna».
Помнік стаіць на брацкай магіле жаўнераў Менскага і Віленскага палкоў 1-й Літоўска-Беларускай дывізіі Польскага войска. Дакладная колькасьць воінаў, якія там спачываюць, невядомая.
27-28 верасьня 1920 году тут адбылася бітва пад Крывавым Борам, якая стала адным з эпізодаў Нёманскай бітвы — буйнога і пасьпяховага контрудару Польскага войска, які фактычна завяршыў разгром Чырвонай арміі ў польска-бальшавіцкай вайне.
На надмагільлі напісана: «Жаўнерам 1920 году. Суайчыннікі». Мяркуючы па апублікаваных фатаздымках, яно хоць і ня зьнішчана цалкам, аднак пашкоджана цяжкім прадметам — на бакавых гранях прыкметныя сколы.
«Glos z-nad Niemna» мяркуе, што невядомыя вандалы, натхнёныя антыпольскай прапагандай беларускіх уладаў, хацелі зьнішчыць помнік, аднак зь нейкай прычыны не давялі справу да канца — магчыма, іх спудзілі.
Выданьне Most.media таксама зьвярнула ўвагу на тое, што пашкоджаньню надмагільля папярэднічала публікацыя 5 кастрычніка ў «СБ. Беларусь сегодня» рэпартажу з Горадзенскай вобласьці. Яго аўтарка, прапагандыстка Людміла Гладкая, сярод іншага абуралася тым, што на Лідзкіх могілках байцы Арміі Краёвай, а на помніку салдатам Войска Польскага ёсьць надпіс, што яны «загінулі за Радзіму ў 1919–1920 гадах».
«За радзіму, разумееце? То бок ужо тады Заходнюю Беларусь польскія акупанты лічылі сваёй. У мяне пытаньне: у гэтай сытуацыі нічога не бянтэжыць дзяржслужбоўцаў, спэцыялістаў, якія адказваюць за ідэалёгію, гістарычную памяць (камунальную гаспадарку, урэшце) на месцах?» — напісала Гладкая, дадаўшы, што ўжо хадзіла ў выканкам і там «абяцалі вывучыць пытаньне».
У Беларусі ўжо ня першы месяц разбураюць памятныя знакі і магілы польскіх жаўнераў. Так, 1 ліпеня польскі МЗС расказаў аб зьнішчэньні надмагільляў і помнікаў адразу ў некалькіх вёсках Горадзеншчыны. 4 ліпеня стала вядома, што магілы польскіх жаўнераў Арміі Краёвай (АК) зраўнялі зь зямлёй і ў вёсцы Мікулішкі (а МЗС Беларусі заявіла, што пахаваньняў палякаў там не было).
8 ліпеня было разбурана пахаваньне ля вёскі Качычы, у той жа дзень зьнесьлі надмагільле жаўнераў АК у Ваўкавыску. 12 ліпеня жыхарка горада расказала, што ў плянах мясцовых уладаў быў знос і іншага мэмарыялу.
У пачатку верасьня каля Горадні зьнесьлі помнік польскім партызанам, якія загінулі ў баі з немцамі ў 1943 годзе.