Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы паведамілі пра пабіцьцё затрыманага ў Берасьці валянтэра


Сілавікі ў судзе ў Берасьці. Архіўнае фота
Сілавікі ў судзе ў Берасьці. Архіўнае фота

Затрыманага ў Берасьці Віталя Чопіка вазілі ў шпіталь са слядамі моцнага пабіцьця. Пра здарэньне піша «Вясна». 

@viasna_brest расказвае падрабязнасьці пра пабіцьцё і катаваньні ў дачыненьні да затрыманага на пачатку сакавіка 40-гадовага жыхара Берасьця, які хадзіў на палітычна матываваныя суды. Праваабаронцы пішуць, што гаворка ідзе пра Віталя Віктаравіча Чопіка.

Паводле праваабаронцаў, пасьля затрыманьня мужчыну дастаўлялі ў шпіталь на машыне хуткай дапамогі са сьлядамі моцнага пабіцьця, а колер твару Чопіка быў жоўтым, што можа сьведчыць аб пашкоджаньні печані.

12 сакавіка адбыўся адміністрацыйны суд над ім за нібыта «непадпарадкаваньне» міліцыянтам. Як вынікае з рашэння суду, Чопік сказаў, што на працягу адной хвіліны адчыніў дзьверы ГУБАЗіКу для ператрусу — але супрацоўнік МУС сьцьвярджаў, што гучна патрабаваў адчыніць дзверы 20 хвілін. Ператрус праводзіўся ў межах крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 361-1 КК («Стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).

Затрыманьні назіральнікаў за судамі

Раней стала вядома, што супрацоўнікі Берасьцейскага абласнога ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС затрымалі некалькі чалавек у Берасьці, Баранавічах і Пінску, якія наведвалі судовыя паседжаньні, паведамляе сайт «Люстэрка».

На аднаго з затрыманых пачалі крымінальную справу паводле артыкулу за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці і зьмясьцілі ў ізалятар, піша «Вясна».

Паводле сілавікоў, 40-гадовы жыхар Берасьця вёў маніторынг судовых паседжаньняў для праваабарончага цэнтру «Вясна», які ў Беларусі прызнаны экстрэмісцкім фармаваньнем.

Паводле сілавікоў, ён нібыта «сыстэматычна наведваў суды ў крымінальных справах экстрэмісцкай накіраванасьці. Ён фіксаваў ход і вынікі пасяджэньняў, інфармацыю аб сьведках і прадстаўніках праваахоўных органаў. Далей гэтыя зьвесткі перадаваліся замежным куратарам для публікацыі на дэструктыўных інтэрнэт-рэсурсах».

20 сакавіка стала вядома пра затрыманьне вядомага ў Менску хрысьціянскага прапаведніка, паэта і выканаўца аўтарскай песьні, бацькі семярых дзяцей Сяргея Мельянца, паведамляла «Хрысьціянская візія».

Вядома, што яго судзілі паводле адміністрацыйнага артыкулу. Прычыны і нагода перасьледу невядомыя. Ягоны брат Мікалай паведаміў, што Сяргея пакаралі 13 днямі арышту і накіравалі ў менскую турму на завулку Акрэсьціна.

Сяргей Мельянец вядомы тым, што хадзіў на палітычныя судовыя працэсы ў Менску і публікаваў нататкі пра гэта на Facebook.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG