Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саудаўская Арабія цяпер галоўная ў ААН па правах жанчын. І гэта ня першы такі абсурд


Жанчына ў краме ў Саудаўскай Арабіі, архіўнае фота
Жанчына ў краме ў Саудаўскай Арабіі, архіўнае фота

Няпісаныя, а часам і пісаныя правілы міжнародных стасункаў цяпер кажуць, што краіны мусяць імкнуцца да гендэрнай роўнасьці і паляпшаць сытуацыю з правамі жанчын. Гэта дазваляе і проста лепш выглядаць у вачах іншых, і займаць вышэйшыя пазыцыі ў фармальных рэйтынгах. Напрыклад, лукашэнкаўская палата прадстаўнікоў дадае краіне некалькі балаў, бо на траціну складаецца з жанчын, а рэальны ўплыў гэтых жанчын ці хоць каго ў гэтым парлямэнце ў такіх рэйтынгах не ацэньваецца.

А цяпер новая пэрліна ад ААН — там камісію, якая займаецца правамі жанчын і павінна спрыяць дасягненьню гендэрнай роўнасьці, узначаліла Саудаўская Арабія. Спачатку чакалася, што яе ўзначаліць Банглядэш — краіна, дзе, паводле апошніх зьвестак, 29% дзяўчат выходзяць замуж да 15-гадовага ўзросту.

Але галоўнай усё ж стала Саудаўская Арабія, у якой жанчынам трэба мець дазвол мужчыны-апекуна, каб пабрацца шлюбам. Таксама там законам прадугледжана, што жанчына павінна «разумным чынам» падпарадкоўвацца мужу і што ён можа перастаць фінансава падтрымліваць жонку, калі тая будзе недастаткова паслухмяная. Як гэта часта бывае, лібэралізацыя адбываецца такім чынам, што яшчэ больш шкодзіць жанчынам — напрыклад, з мужчыны здымаецца абавязак безумоўна фінансава забясьпечыць жонку, але з жанчыны не здымаецца абавязак сэксуальна задавальняць мужа.

Гэта ўсё абсурдна, але нічога новага, на жаль, у такім абсурдзе няма. Саудаўская Арабія — ня першая краіна, што выкручвае сыстэму сабе на карысьць і нібы насьміхаецца са сьвету, і ААН не ўпершыню спрыяе такому. У красавіку 2023 году, больш як праз год пасьля поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, Расея ўзначаліла Раду Бясьпекі ААН. Гэта ж проста зьдзек з усяго сьвету!

А што тычыцца жаночага парадку дня, дык з нас так зьдзекуюцца рэгулярна. Так, у 2019 годзе ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах прэмію за разьвіцьцё гендэрнага балянсу на працоўных месцах атрымалі толькі мужчыны.

А цяпер Аляксандар Лукашэнка спрабуе стварыць вобраз Беларусі як дужа сучаснай і інавацыйнай краіны, арганізаваўшы палёт Марыны Васілеўскай у космас. Праўда, іншаму касманаўту ён загадаў глядзець там за ёй, каб не сышла да амэрыканцаў. Ён казаў гэта, седзячы літаральна насупраць Васілеўскай, і паводзіў сябе так, быццам яна не жывы чалавек, а прадмет мэблі. Але цяпер яшчэ год ён будзе крычаць з кожнага праса, што Беларусь наперадзе ўсёй плянэты ў гендэрнай роўнасьці.

І так увесь час — у мужчын у палітыцы для нас зьдзекі і барацьба за фармальныя паказчыкі, а нам з усім гэтым жыць і пэрыядычна выслухоўваць яшчэ, якія ўсе нібыта прагрэсіўныя і сучасныя. Гэтак і Саудаўская Арабія стала галоўнай па правах жанчын.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG