Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Праз вайну адмовілася сьпяваць «Песьні перамогі». Гісторыя опэрнай сьпявачкі, якая мусіла ўцякаць зь Беларусі

Праз вайну адмовілася сьпяваць «Песьні перамогі». Гісторыя опэрнай сьпявачкі, якая мусіла ўцякаць зь Беларусі


Аляксандра Момінава
Аляксандра Момінава

Аляксандра Момінава да нядаўняга часу жыла ў Берасьці. Выкладала опэрныя сьпевы ў музычным каледжы, працавала ў філярмоніі. Цяпер яна з трыма дзецьмі мусіла ўцякаць зь Беларусі.

Адмовілася сьпяваць і ўвогуле выходзіць на сцэну

Аляксандра Момінава да нядаўняга часу жыла ў Берасьці. У музычным каледжы яна выкладала опэрныя сьпевы, у філярмоніі выступала салісткай-вакалісткай. Зь філярмоніі яна звольнілася пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Ўкраіне 24 лютага 2022 году. Кажа, што не магла ані выходзіць на сцэну, ані сьпяваць у той час, калі ў яе плакала душа. Бо сяброўкі-ўкраінкі ў гэты час сядзелі па падвалах, хаваліся ад ракетных абстрэлаў.

«Яны плакалі ў трубку, я чула, што іх абстрэльваюць. Я была прыгнечаная. Як тут сьпяваць „Песьні перамогі“? Мае маральныя прынцыпы не дазваляюць гэта рабіць», — тлумачыць Аляксандра.

Праз свае прынцыпы сьпявачка ў 2020 годзе паставіла подпіс пад зваротам дзеячоў культуры супраць гвалту.

Тады больш за тысячу мастакоў, сьпевакоў, пісьменьнікаў, журналістаў выказалі сваю пазыцыю супраць дыктатуры і гвалту.

Аляксандра кажа, што выходзіла на пратэсты ў 2020 годзе. «І многія дзеячы культуры выходзілі. Мала было тых, менавіта са сфэры культуры, якія маўчалі ці падтрымлівалі ўладу. Цяпер сытуацыя іншая. Людзей страшна запалохалі, яны баяцца слова сказаць, нават у кампаніі. Наогул людзі сталі многія панурымі», — кажа сьпявачка.

Асудзілі за падпіскі і звольнілі з працы

Аляксандра Момінава
Аляксандра Момінава

Увосень 2023 году Аляксандра выкладала ў музычным каледжы. Неяк яе выклікалі ў міліцыю і заявілі, што яна «распаўсюджвае экстрэмісцкія матэрыялы». «У Instagram я мела больш за 2 тысячы падпісак, у асноўным на розныя гандлёвыя групы, дзе шукала дзецям адзеньне. І вось сярод гэтых 2 тысяч падпісак яны знайшлі „экстрэмізм“ — падпіскі на „Белсат“ і „Зеркало“. Паколькі я маю траіх непаўналетніх дзяцей, то на „суткі“ мяне ня кінулі — далі штраф, каля 550 рублёў», — кажа Аляксандра.

Усьлед за штрафам на працу да яе ў каледж прыйшоў ліст з пракуратуры з патрабаваньнем звольніць выкладчыцу. Так Аляксандра засталася бяз працы.

«У паперцы з пракуратуры было нешта такое, што я не адпавядаю той пасадзе, якую займаю. Па выніку мне забаранілі наогул выступаць, выходзіць на сцэну», — кажа сьпявачка. На іншую працу яе б не ўзялі.

Яна зазначае, што тады ж, увосень, пачала рабіць візы сабе і дзецям. З краіны ўсё ж не зьяжджала. Думала, што можа адчэпяцца, можа «пранясе».

Але ў канцы лютага 2024 году Аляксандра атрымала ліст з пракуратуры з патрабаваньнем прыйсьці і даць «нейкія тлумачэньні».

«Я зразумела, што трэба зьяжджаць, нягледзячы ні на што. Яшчэ такі момант, што сын вучыўся ў 9-й клясе, і хутка меліся быць іспыты, дачка — у выпускной 11-й клясе. Але літаральна нядаўна ўвялі такую норму, што ў характарыстыцы на дзяцей пры паступленьні трэба было пісаць, што бацькі мелі ці ня мелі адміністрацыйныя ці крымінальныя справы. Я пачала думаць, што мая дачка можа і не паступіць з такой характарыстыкай, што маці мела штраф па „экстрэмісцкім“ артыкуле», — кажа беларуска.

Яна дадае, што ніколі не хавала сваіх поглядаў і казала ўсё наўпрост, у тым ліку пра сваё стаўленьне да ўлады.

Зьехалі ў ноч, прыхапіўшы трохі рэчаў і 500 даляраў

Аляксандра Момінава разам зь дзецьмі
Аляксандра Момінава разам зь дзецьмі

Пасьля выкліку ў пракуратуру Аляксандра спакавала рэчы і зь дзецьмі ўночы рушыла ў дарогу. Калі яны дабраліся да Варшавы, то мелі на руках 500 даляраў. Аляксандра кінулася шукаць працу і ўладкавалася прыбіральшчыцай.

«Нічога, карона зь мяне ня ўпала», — сьмяецца яна і пералічвае беларускіх дзеячоў культуры, якія мусяць цяпер зарабляць на жыцьцё фізычнай працай.

Пры дапамозе іншых беларусаў Аляксандра знайшла часовае жытло ва Ўроцлаве і перабралася туды. Цяпер уладкоўвае дзяцей у школы, а сабе шукае працу.

«Але я не сяджу склаўшы рукі. Займаюся зь дзеткамі вакалам. Напрыклад, развучвалі „Пагоню“ і „Оду да радасьці“. Разглядаю магчымасьці далучыцца да розных творчых праектаў. Напрыклад, дамаўляліся з адной арганісткай на канцэрты ў касьцёлах», — кажа Аляксандра.

Яна дадае, што «ня ў самым цяжкім становішчы», бо бачыла беларусаў, «пакалечаных проста рэжымам». «Я больш не за сябе хвалююся — за дзяцей на дадзены момант. Каб яны не засталіся бяз даху над галавой, бо цяпер пакуль у нас няма грошай. Але я думаю, што многім яшчэ складаней, чым нам», — дадала сьпявачка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG