Ціханоўская выказала словы салідарнасьці, а таксама падзякавала за рашэньне прэм’ер-міністра Нікола Пашыньяна не прыяжджаць на саміт АДКБ у Менск у лістападзе мінулага году.
Таксама з армянскай дэлегацыяй абмяркоўвалі справу беларуса Яраслава Новікава, затрыманага на запыт сілавікоў Беларусі.
Сустрэча адбылася ў Эўрапарлямэнце падчас кангрэсу «Эўранэсту», на якім выступіла Сьвятлана Ціханоўская. Акрамя Армэніі, удзел у кангрэсе бралі дэпутаты Азэрбайджану, Грузіі, Украіны і Малдовы.
17 сакавіка стала вядома, што ў Армэніі на запыт беларускіх уладаў затрымалі чатырох мужчын. Іх абвінавачваюць ва ўхіленьні ад прызыву на вайсковую службу. Аднаго з затрыманых завуць Яраслаў Новікаў. У судовым парадку вырашаецца пытаньне аб экстрадыцыі, якой спрабуюць перашкодзіць армянскія праваабаронцы і беларускія дэмакратычныя сілы.
Пытаньне экстрадыцыі вырашаюць міграцыйныя службы Армэніі. На гэты момант яснасьці ў справе няма.