Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэляцыйны суд Армэніі прызнаў законным арышт беларуса, затрыманага на запыт Беларусі за ўхіленьне ад службы ў войску


Апэляцыйны суд Армэніі. Ілюстрацыйнае фота
Апэляцыйны суд Армэніі. Ілюстрацыйнае фота

Абарона Яраслава Новікава плянуе зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд у правах чалавека па «хуткую юрыдычную дапамогу» паводле 39 правіла рэглямэнту суду.

Генэральная пракуратара Армэніі атрымала зь Менску дакумэнты, якімі сілавыя органы Беларусі патрабуюць выдачы затрыманага ў лютым у Армэніі беларуса Яраслава Новікава.

Як паведаміў Свабодзе праўнік Хэльсынскай асацыяцыі Армэніі Араік Папік’ян, які прадстаўляе інтарэсы Яраслава Новікава, насамрэч быў толькі ліст з просьбай выдаць ягонага падабароннага.

«7 сакавіка суд разгледзеў новае хадайніцтва пракурора аб арышце Яраслава з мэтай выдачы і задаволіў яго. Цяпер з абскарджаньнем гэтага рашэньня мы зьвярнуліся ў апэляцыйны суд», — паведаміў Араік Папік’ян.

Паводле яго, раней апэляцыйны суд прызнаў законным рашэньне суду першай інстанцыі ад 4 лютага, паводле якога Яраслава Новікава ўзялі пад варту на 40 дзён.

На пытаньне, ці азначае, што пасьля такога рашэньня суду Армэнія можа выдаць Яраслава Новікава ў Беларусь, Араік Папік’ян адказаў: «Фармальна так. Але пракурор Армэніі яшчэ не ўхваліў рашэньня аб выдачы, якое таксама мусіць разглядаць суд. Да таго ж мы маем магчымасьць зьвярнуцца ў Эўрапейскі суд у правах чалавека адпаведна 39 артыкулу яго рэглямэнту (часовая мера, паводле якой ЭСПЧ можа забараніць выдачу. — РС). Я ўпэўнены, што мы маем усе праўныя магчымасьці, каб Яраслава ня выдалі».

Адвакат таксама паведаміў, што 19 сакавіка адбудзецца гутарка Яраслава Новікава з супрацоўнікамі міграцыйнай службы на падставе ягонай заявы на атрыманьне прытулку. «Міграцыйная служба атрымала ліст падтрымкі ад Місіі дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі», — дадаў Араік Папік’ян.

Што папярэднічала

Грамадзяніна Беларусі Яраслава Новікава затрымалі 2 лютага ў Армэніі пры перасячэньні мяжы з Грузіяй, калі высьветлілася, што ўлады Беларусі абвясьцілі яго міждзяржаўны вышук у СНД праз абвінавачаньне ва ўхіленьні ад службы ў войску. Раней яму працягнулі тэрмін утрыманьня пад вартай.

Яраслаў Новікаў плянаваў пераехаць з Грузіі ў Баўгарыю, але не атрымаў візы. Яму параілі атрымаць неабходную візу на радзіме, але Новікаў туды не паехаў праз рызыку быць арыштаваным. Ён адправіўся падаць дакумэнты на візу ў суседнюю Армэнію.

Суд Армэніі 4 лютага ўзяў Яраслава Новікава пад варту на 40 дзён для далейшай перадачы ўладам Беларусі пасьля атрыманьня адпаведных дакумэнтаў зь Менску.

У часе знаходжаньня ў ізалятары беларус падаў у міграцыйную службы Армэніі заяву на атрыманьне статусу ўцекача і палітычнага прытулку.

Што вядома пра ранейшыя аналягічныя выпадкі

Вядома пра некалькі выпадкаў затрыманьня грамадзян Беларусі ў Армэніі ў 2022 і 2023 гадах. Усе затрыманьні адбываліся на мяжы, калі беларусы спрабавалі «абнуліць» тэрмін знаходжаньня ў Грузіі, часова выехаўшы ў Армэнію.

У студзені 2023 году Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла, што Армэнія перадала затрыманага на сваёй тэрыторыі грамадзяніна Беларусі, які, паводле вэрсіі сьледчых, ухіляўся ад службы ў войску, хоць пачаткова яго абвінавацілі ў растраце вялікіх памераў.

Пра іншыя выпадкі перадачы Беларусі затрыманых у Армэніі беларусаў невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG