Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Экспарт беларускага збожжа ў ЭЗ мізэрны». Чаму тады на яго ўводзяць мыта?


Жніво ў Беларусі
Жніво ў Беларусі

Эўрапейская камісія неўзабаве ўвядзе мыта на пастаўкі збожжа зь Беларусі і Расеі, каб супакоіць фэрмэраў і некаторыя краіны Эўразьвязу. Ужо некалькі месяцаў фэрмэры ў ЭЗ пратэстуюць супраць паставак збожжа з Украіны, якое, на іх думку, заніжае цэны на рынку.

А абмежаваньняў на такія пастаўкі зь Беларусі не існавала. Але ці сапраўды Беларусь пастаўляе ў Эўразьвяз столькі збожжа, што гэта можа ўплываць на дэмпінг цэнаў на эўрапейскім рынку?

Як тлумачыць навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Алег Мазоль, экспарт беларускага збожжа ў Эўразьвяз мае нязначны аб’ём і практычна не ўплывае на аграрны сэктар Беларусі. Ён спасылаецца на апошнія дэталёвыя зьвесткі Белстату.

«У 2021 годзе пшаніцы зь Беларусі ў Эўразьвяз прадалі на 5 мільёнаў даляраў ЗША, ячменю — на менш як паўмільёна даляраў. Таму экспарт збожжа зь Беларусі ніякім чынам ня можа ўплываць на рынак збожжа ў Эўразьвязе, у тым ліку на рынкавыя цэны», — кажа Алег Мазоль.

Уся ідэя з мытам, на яго думку, зводзіцца да таго, каб абмежаваць экспарт празь Беларусь расейскага збожжа. Бо пры ўвядзеньні экспартных абмежаваньняў на Расею і адсутнасьці іх у дачыненьні да Беларусі рэжым Пуціна будзе спрабаваць выкарыстаць найбліжэйшую да ЭЗ юрысдыкцыю — Беларусь.

«Таму Эўракамісія накладае санкцыі на абодва рэжымы. Але гэта не перашкаджае Пуціну выкарыстоўваць іншыя юрысдыкцыі для паставак свайго збожжа ў Эўразьвяз, напрыклад, Казахстан, Грузію ці Турэччыну», – дадае Мазоль.

А як увядзеньне мыта паўплывае на беларускіх вытворцаў збожжа, якія прадавалі сваю прадукцыю ў ЭЗ? У 2021 годзе сярэдняя цана экспартаванага ў ЭЗ збожжа зь Беларусі складала 147 даляраў за тону. Пшаніцы — 201 даляраў, ячменю — 176 даляраў за тону, кукурузы — 211 даляраў. Пасьля ўвядзеньня мыта цана можа вырасьці ад 45% да 65%.

«Фактычна гаворка ідзе пра ўвядзеньне забароннага мыта для беларускага экспарту збожжа ў Эўразьвяз», — канстатуе экспэрт.

Сёньня практычна ўвесь экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі ідзе або ў краіны СНД, або ў Кітай. Самыя папулярныя пазыцыі — сьвежая ялавічына, якая ўся ішла ў краіны СНД. Тое ж самае з сырам, тварагом. У ЭЗ Беларусь прадае сухое малако, але сума экспарту ўсяго паўмільёна даляраў. Масла Беларусь прадала на 20 тысяч даляраў. Агульны ж экспарт усёй беларускай прадукцыі ў Эўразьвяз склаў 546 мільёнаў даляраў.

Ад кастрычніка 2020 году супраць Беларусі ўвялі 8 пакетаў эўрапейскіх санкцый. Але яны ніяк не закраналі сельскагаспадарчую прадукцыю. Гэта найперш зьвязана з тым, што беларускі экспарт такіх тавараў у ЭЗ зусім невялікі.

«Увядзеньне такіх санкцый стварала б дадатковую адміністрацыйную нагрузку на мытныя органы і фінансавыя інстытуты ЭЗ. Таму санкцыі ўводзяцца адносна найбольш буйных экспартных груп тавараў», — кажа Мазоль.

Тыя ж санкцыі, якія ўводзіліся супраць Беларусі, Менск абыходзіць дзякуючы трэцім краінам. Па словах экспэрта, гэта для іх высокапрыбыткова. У першую чаргу гаворка пра постсавецкія краіны: Казахстан, Грузію, Армэнію і іншыя. Акрамя таго, у Беларусі даволі дывэрсыфікаваная краінавая структура экспарту тавараў.

«Таму заўсёды можна накіраваць дадатковыя аб’ёмы ліквіднай прадукцыі ў так званыя дружалюбныя краіны так званага глябальнага Поўдня. Калі ж прадаваць свае тавары праз, напрыклад, Казахстан, тавары праходзяць ужо як казаскія», — кажа навуковы супрацоўнік дасьледчага цэнтру BEROC Алег Мазоль.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG