Сытуацыя на «Белсаце» складаная. У сувязі са зьменай кіраўніцтва і скарачэньнем фінансаваньня было шмат розных заяваў, што канал памрэ, што ён стане расейскамоўным, але гэта ня так, запэўнівае новы кіраўнік.
«„Белсат“ будзе існаваць, гэта вялікая каштоўнасьць. „Белсат“ у пэўнай ступені выконвае ролю беларускай дзяржаўнай тэлевізіі, бо беларуская прапаганда маніць ня толькі ў інфармацыйнай сфэры, але і ва ўсіх іншых. Зараз „Белсат“ мае ад 3,5 да 4,5 гадзіны інфармацыйнага вяшчаньня ў дзень. Але мы не ператворымся ў цалкам інфармацыйны канал. Зразумела, што гістарычная праграма ці праграма пра мову не набярэ столькі праглядаў, як інфармацыйная праграма. Можа, некаторыя зь іх зьменяць фармат. Але мы іх таксама робім і будзем рабіць», — кажа Аляксей Дзікавіцкі.
Ня будзе «Працэсаў», «Лябірынтаў», скароцяцца музычныя праграмы
У сувязі са скарачэньнем фінансаваньня трэба будзе прымаць цяжкія рашэньні — ад чаго адмаўляцца, што пакідаць, пэўныя праекты рабіць радзей, кажа Аляксей Дзікавіцкі.
«Ужо вырашана, што ня будуць працягнутыя праекты кшталту „Лябірынтаў“ (пра пісьменьнікаў 1930-х гадоў). Мы ня зможам працягнуць сэрыял „Працэсы“, нягледзячы на вялікі посьпех і шалёныя прагляды. Не запусьцім музычных праграмаў. Магчыма, таксама будуць абмежаваныя так званыя „праверкі фарматаў“ (калі мы робім 5-7 праграм і назіраем, працягваць іх ці не», — тлумачыць новы выканаўца абавязкаў дырэктара канала.
Дакумэнтальнае кіно захаваецца, але ў меншым аб’ёме
Аляксей Дзікавіцкі расказаў таксама, што давядзецца скараціць колькасьць дакумэнтальных стужак.
«Ёсьць рэйтынг „абздыманасьці“ краіны дакумэнталістамі. Беларусь знаходзіцца на вельмі нізкіх пазыцыях у такім рэйтынгу. Дзяржава рабіла мала. „Белсат“ удзяляў вялізную ўвагу дакумэнтальнаму кіно. У лепшыя часы мы здымалі па 10 дакумэнтальных фільмаў за год. Цяпер здымаць незалежным творцам нічога ў Беларусі нельга. На гэты год заплянавана некалькі пазыцый, зьвязаных з дакумэнтальным кіно», — запэўнівае новы кіраўнік каналу.
«Каб захаваць калектыў, разнастайнасьць праграм, нам не хапае каля 11 млн злотых»
Што тычыцца фінансаваньня ад МЗС Польшчы, «Белсат» атрымаў 40 млн злотых. А запрошваў 75 мільёнаў, кажа Аляксей Дзікавіцкі.
«Але МЗС фінансуе іншыя праекты на замежжа. Таму мы дамовіліся з ТVР World на дадатковае фінансаваньне. Сума — ад 10 да 14 мільёнаў злотых.
Бюджэт ужо абрэзаны. Каб захаваць калектыў, разнастайнасьць праграм, нам не хапае каля 11 мільёнаў злотых», — такія лічбы прыводзіць выканаўца абавязкаў дырэктара «Белсата». Але галоўнае — кадры — кіраўнік каналу абяцае захаваць.
«Калектыў „Белсату“ даволі вялікі. І можна часьцяком пачуць такую мантру: „У вас працуе вельмі шмат людзей“. Калектыў „Белсату“ — прыкладна 300 чалавек. Натуральна, гэта ня толькі творчыя людзі. Гэта агульная лічба: і аўтары сцэнароў, і грымёры, і эканамічны аддзел. У большасьці людзі ўнівэрсальныя. Тут няма рынку тэлежурналістаў, таму па 3-6 месяцаў мы вучым людзей», — паведаміў Аляксей Дзікавіцкі.
Ён запэўнівае, што мала хто зь іншых СМІ паставіўся да сваіх супрацоўнікаў з такім клопатам, калі пачалася вайна ва Ўкраіне.
«Ва Ўкраіне ў 2021 годзе мы зьнялі вялікую студыю для прадакшану. Калі пачалася вайна, дзясяткі людзей засталіся ў небясьпецы, без дакумэнтаў, банкаўскія карты не працавалі. Мы вывезьлі людзей, каля 100 чалавек, зьнялі жытло, дапамаглі з дакумэнтамі. Кожнаму. хто хацеў, мы прапанавалі працу тут. Прапаноўвалі людзям выконваць іншыя функцыі. Зь некаторымі не змаглі дамовіцца, на жаль, але гэта лічаныя адзінкі», — сьцьвярджае Аляксей Дзікавіцкі.
МЗС Польшчы хоча зьменаў у працы «Белсату», але якіх канкрэтна, невядома
Аляксей Дзікавіцкі кажа, што калі «Белсат» пачынаў працу ў 2007 годзе, адна зь яго ўмоваў як кіраўніка службы навінаў была такой: калі хтосьці будзе дыктаваць парадак дня, ён тут працаваць ня будзе. І ніколі раней ён ніякага ціску з боку МЗС ці іншых афіцыйных уладаў не адчуваў.
«Але, каб быў дыялёг, я ня бачу ў гэтым нічога заганнага. Пакуль быў толькі адзін сказ: „Сетка „Белсату“ павінна стаць больш прывабнай“. Але розным людзям цікава рознае. Гэта няяснае патрабаваньне. Спадзяюся, больш канкрэтная размова яшчэ будзе», — кажа Аляксей Дзікавіцкі.
Расейскамоўныя праграмы застануцца і будуць выходзіць адначасова на «Белсаце» і ТVP World (там яны будуць перакладацца на ангельскую мову).
«Мы павінна паказаць, што Беларусь можа стаць часткай эўрапейскай прасторы»
Днямі Аляксей Дзікавіцкі даў вялікае інтэрвію пра пляны і далейшую працу, і многіх зьдзівіла ягоная фраза, што «Белсат» будзе ствараць пазытыўны імідж Беларусі. Ён кажа, што фраза вырваная з кантэксту.
«Я меў на ўвазе, каб Эўропа і сьвет усьвядомілі, што Беларусь не павінна асацыявацца выключна з хунтай і тым бяспраўем, самавольствам, якое чыніць хунта. Беларусы — працавітыя людзі, прывучаныя да парадку. Беларусы і расейцы — гэта ня тое самае, у беларусаў у генах эўрапейскія каштоўнасьці. За мяжой беларусы, вымушаныя эміграваць, ствараюць розныя бізнэсы, працуюць, хутка інтэгруюцца.
Пасьля падзеньня рэжыму Беларусь вельмі хутка стане эўрапейскай краінай. І мы павінна паказаць, што Беларусь можа стаць часткай эўрапейскай прасторы», — тлумачыць Аляксей Дзікавіцкі.