«Мы атрымалі ад Telewizja Polska (TVP) праект па мадэрнізацыі станцый, якія вяшчаюць за мяжой, і палічылі яго добрым. Няпраўда, што субсыдыі тэлекампаніі „Белсат“ скарацілі ўдвая», — цытуе яго onet.pl.
«Дагэтуль нам даводзілася мець справу з паталягічнай сытуацыяй, калі чатыры тэлеканалы, якія не супрацоўнічалі адзін з адным, вяшчалі за мяжу на суму больш за 200 мільёнаў злотых (каля 50 млн даляраў. — „Позірк“.). Эфэкт ад гэтага быў кепскі. TVP вырашыла зьмяніць гэта, зрабіўшы TVP World флягманскай станцыяй, якая вяшчае на ангельскай, расейскай і нямецкай мовах», — адзначыў Уроньскі.
Прадстаўнік МЗС растлумачыў, што раней «Белсат» фінансаваўся на суму 22 млн злотых у год. У 2022 годзе гэтую суму павялічылі да 63 млн., што тлумачылася аддзяленьнем станцыі ад структур TVP.
У 2023 годзе аб’ём фінансаваньня быў захаваны. А сёлета тэлебачаньне запрасіла 75 млн, сказаў прадстаўнік ведамства:
«Такой сумы ў Міністэрстве замежных спраў ніколі не было і няма. Спадарыня Агнешка Рамашэўская (былая дырэктарка „Белсату“ Рамашэўская-Гузы. — „Позірк“) кажа пра грошы, якіх ніколі не было».
Ён зазначыў, што канал зараз атрымае 40 млн злотых, але «ў той жа час, з дапамогай тэлебачаньня „Белсат“, у якога ёсьць людзі, вельмі добрыя спэцыялісты, будзе падрыхтаваны расейскамоўны канал на TVP World».
«Гэта грошы польскіх падаткаплатнікаў, якімі мы імкнемся распарадзіцца максымальна рупліва», — цытуе прадстаўніка МЗС tvn24.pl.
Пры гэтым Уроньскі заявіў, што на «Белсаце» плянуецца працаўладкаваць 300 чалавек.
26 студзеня 2024 году Рамашэўская-Гузы паведаміла на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» пра цяжкія ўмовы працы пасьля зьмены ўлады ў Польшчы. Паводле яе слоў, фінансаваньне прадоўжана толькі на месяц, пры гэтым 80 працэнтаў супрацоўнікаў, якія зьехалі зь Беларусі, ня маюць запасу грашовых сродкаў, бо наймаюць кватэры і выхоўваюць дзяцей, а 17 чалавек, якія працавалі на канал, сядзяць у беларускіх турмах.
7 лютага Ўроньскі заявіў, што ўрад плянуе і надалей фінансаваць «Белсат».
8 сакавіка дырэктарка паведаміла пра скарачэньне гадавога бюджэту тэлеканала «Белсат» на 46%.
Паводле яе слоў, у 2023 годзе бюджэт складаў 74 млн злотых. 63 млн паступалі ад Міністэрства замежных спраў, 11 млн — ад дзяржаўнага Польскага тэлебачаньня (TVP), у структуру якога ўваходзіць «Белсат».
12 сакавіка стала вядома, што Рамашэўская-Гузы звольненая са сваёй пасады. Тады ж было абвешчана, што новым дырэктарам тэлеканала «Белсат» стане Аляксей Дзікавіцкі, які дагэтуль займаў пасаду намесьніка дырэктара.
Агнешка Рамашэўская-Гузы казала раней, што бюджэт «Белсату» быў 63 млн злотых ад МЗС і яшчэ 11 давала тэлевізія, то бок разам выходзіла амаль 75 млн. Цяпер МЗС Польшчы сьцьвярджае, што дасьць «Белсату» 40 мільёнаў. Інфармацыі пра ўклад у канал самой Польскай тэлевізіі Рамашэўская, як яна сама сьцьвярджае, ня мела. Адсюль былая дырэктарка Белсату і зрабіла выснову, што замест 75 мільёнаў злотых у тэлеканала будзе 40 млн, што практычна ўдвая менш, чым летась.