Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд ЗША дазволіў паліцыі арыштоўваць мігрантаў у Тэхасе, адхіліўшы прапанову адміністрацыі Байдэна


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Мігранты ля агароджы на мяжы паміж Мэксыкай і ЗША
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Мігранты ля агароджы на мяжы паміж Мэксыкай і ЗША

Вярхоўны суд ЗША вырашыў аднавіць дзеяньне аднаго з самых жорсткіх іміграцыйных законаў штату Тэхас аб супрацьдзеяньні незаконнаму перасячэньню мяжы паміж ЗША і Мэксыкай. Такім чынам, была адхіленая прапанова адміністрацыі Джо Байдэна аб блякаваньні гэтага дакумэнта, паведаміла агенцтва Reuters.

Згодна з законам, падпісаным у сьнежні 2023 году, паліцыя штату можа арыштоўваць і прыцягваць да адказнасьці людзей, якіх падазраюць у незаконным уезьдзе ў ЗША. Да прыняцьця закону гэтыя дзеяньні адносіліся да паўнамоцтваў фэдэральных уладаў. У якасьці пакараньня за незаконны ўезд у Злучаныя Штаты прадугледжана турэмнае зьняволеньне або штраф да 2 тысяч даляраў.

У студзені 2024 году Міністэрства юстыцыі ЗША зьвярнулася ў Вярхоўны суд з просьбай заблякаваць ініцыятыву. У міністэрстве адзначылі, што закон парушае палажэньне Канстытуцыі ЗША, супярэчыць фэдэральнаму іміграцыйнаму заканадаўству.

У выніку ў Вярхоўным судзе шасьцёра судзьдзяў-кансэрватараў выступілі за прыняцьце рашэньня. Трое судзьдзяў-лібэралаў выказалі нязгоду з рашэньнем, заявіўшы, што яно «перакульвае іміграцыйную палітыку з ног на галаву», зазначае «Голас Амэрыкі».

  • Закон Тэхасу кваліфікуе незаконнае перасячэньне мяжы або паўторны незаконны ўезд у Тэхас як злачынства штату і прадугледжвае пакараньне ад 180 дзён да 20 гадоў турмы.
  • Тэхас прыняў меры па стрымліваньні людзей, якія незаконна перасякаюць мяжу. Гэта, у прыватнасьці, разьмяшчэньне на мяжы войскаў Нацгвардыі, блякаваньне мігрантаў і ўсталяваньне плывучага бар’еру на ўчастку ракі Рыё-Грандэ.
  • У ЗША доўгі час ня могуць узгадніць закон аб наданьні новай дапамогі Ўкраіне ў сувязі з тым, што рэспубліканская большасьць патрабуе, каб законапраект уключаў вырашэньне праблемы плыні мігрантаў на паўднёвай мяжы краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG