Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША асудзілі запуск паўночнакарэйскіх ракет падчас візыту Блінкена ў Сэул


Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен
Дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен

Паўночная Карэя ў панядзелак запусьціла некалькі балістычных ракет малой далёкасьці, што, на думку аналітыкаў, было прадуманым крокам для прыцягненьня ўвагі.

Дзярждэпартамэнт ЗША асудзіў Пхэньян за запуск балістычных ракет падчас візыту дзяржсакратара Энтані Блінкена ў Паўднёвую Карэю, піша «Голас Амэрыкі».

«Гэтыя запускі, як і папярэднія запускі балістычных ракет у апошнія гады, парушаюць шматлікія рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН», — заявіў прадстаўнік Дзярждэпартамэнту, падкрэсьліўшы, што гэтыя запускі «пагражаюць» суседзям Паўночнай Карэі і «падрываюць рэгіянальную бясьпеку».

«Мы па-ранейшаму адданыя дыпляматычнаму падыходу і заклікаем Паўночную Карэю да дыялёгу, — дадаў ён. — «Але наша прыхільнасьць абароне Японіі і Паўднёвай Карэі застаецца непахіснай».

Паўночная Карэя ў панядзелак запусьціла некалькі балістычных ракет малой далёкасьці, што, на думку аналітыкаў, было прадуманым крокам для прыцягненьня ўвагі, паколькі Энтані Блінкен напярэдадні прыбыў у Паўднёвую Карэю для перамоваў.

Блінкен бярэ ўдзел у трэцім Саміце за дэмакратыю. Раніцай у панядзелак ён сустрэўся з прэзыдэнтам Паўднёвай Карэі Юн Сок Ёлем у Сэуле. Ён таксама сустрэнецца са сваім паўднёвакарэйскім калегам Чхо Тхэ Юлем у кулюарах саміту. Галоўнай тэмай для размовы, хутчэй за ўсё, стануць намаганьні саюзьнікаў па супрацьдзеяньні пагрозам з боку Поўначы, якая валодае ядзернай зброяй.

На мінулым тыдні Вашынгтон і Сеул завяршылі адно са сваіх буйных штогадовых сумесных вайсковых вучэньняў, што выклікала гнеўныя заявы і правядзеньне вучэньняў з баявой стральбой з боку Пхэньяна, які лічыць усе сумесныя дзеяньні вайскоўцаў ЗША і Паўднёвай Карэі як рэпэтыцыю ўварваньня.

У Мінабароны Паўднёвай Карэі заявілі, што «каля 07:44 (22:44 па Грынвічы) быў зроблены запуск, па ўсёй бачнасьці, некалькіх балістычных ракет малой далёкасьці». Ракеты праляцелі каля 300 кілямэтраў, перш чым упасьці ва Ўсходняе (Японскае) мора.

«Мы цесна абменьваемся адпаведнай інфармацыяй з ЗША і Японіяй і падтрымліваем максымальную гатоўнасьць», — дадалі ў Аб’яднаным камітэце начальнікаў штабоў.

Японскія СМІ паведамілі, што былі запушчаны тры балістычныя ракеты малой далёкасьці, а прэмʼер-міністар Фуміё Кісіда асудзіў «паўтаральныя і вельмі частыя» выпрабаваньні паўночнакарэйскіх ракет.

Паўночная Карэя звычайна праводзіць пускі ракет пасьля сумесных вучэньняў ЗША і Паўднёвай Карэі, сказаў у інтэрвію агенцтву AFP прадстаўнік Карэйскай асацыяцыі дасьледаваньняў абароннай прамысловасьці Хан Квон Хі.

Паводле яго, прысутнасьць Блінкена толькі ўзмацняе матывацыю Паўночнай Карэі, паколькі яна «азначае больш увагі з боку Вашынгтона і ўзмацняе ціск на прымаючы бок».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG