За ўдзел у акцыях пратэсту ў Менску асудзілі супрацоўніка «Беларусбанку»
Суд Фрунзэнскага раёну Менску 27 лютага вынес прысуд былому супрацоўніку «Беларусбанку» 35-гадоваму Артуру Філіпаву, абвінаваціўшы яго ва ўдзеле ў масавых акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле ч. 1 арт. 342 КК. Судзьдзя Ала Скуратовіч прызначыла яму тры гады «хатняй хіміі», паведамляе «Вясна».
Па матэрыялах абвінавачаньня, Філіпаў нібыта неаднаразова «браў актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушалі грамадзкі парадак і спалучаліся зь відавочным непадпарадкаваньнем патрабаваньням прадстаўнікоў улады, рухаўся па праезнай частцы дарог, у тым ліку ў складзе калёны».
У справе фігуруюць эпізоды ягонага ўдзелу ў пратэстах 23 і 30 жніўня, 13 і 20 верасьня 2020 году.
Філіпава затрымалі ў сярэдзіне сьнежня. Відэа зь ім 15 сьнежня апублікаваў набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал. На камэру мужчыну прымусілі сказаць, што ён з 2015 году ўдзельнічаў у пратэстах, а таксама падпісаўся на «дэструктыўныя каналы» і скідаў інфармацыю ў чат-боты Nexta, «Голас», «Беларусь галаўнога мозгу».