Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 сакавіка: у Менску затрымалі настаўніка, у Мазыры асудзілі пэнсіянэрку за абразу Лукашэнкі


Сілавік. Архіўнае фота
Сілавік. Архіўнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

У Менску затрымалі настаўніка фізыкі з 20-гадовым стажам — ён нібыта «зьдзекаваўся з вучня-патрыёта».

На відэа ён кажа, што падтрымлівае Ўкраіну і супраць вайны, не падтрымлівае вайскова-патрыятычнае выхаваньне дзяцей у школе і што прымушаў вучня, які прыйшоў на ўрок у вайсковай форме, яе зьняць.

Паводле інфармацыі «Мэдыязоны», затрыманы — Аляксандар Шыдлоўскі.

Праваабаронцы паведамляюць пра суды пасьля праверак тэлефонаў на мяжы зь Беларусьсю

Працягваюцца затрыманьні на мяжы па вяртаньні ў Беларусь. Так, напрыклад, у мінулым месяцы арыштавалі мінімум трох чалавек, затрыманых пасьля праверак тэлефонаў супрацоўнікамі мытні ў прапускных пунктах «Беняконі» і «Берасьце-Тарэспаль».

Двух мужчынаў арыштавалі на 10 сутак, а аднаго — на 6 сутак. Іх усіх прызналі вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».

Вынесены прысуд пэнсіянэрцы з Мазыра за абразу Лукашэнкі

Суд Мазырскага раёну вынес прысуд Ірыне Сапрыгінай, якую абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле ч. 1 арт. 368 КК, паведамляюць праваабаронцы. Справу разглядаў судзьдзя Анатоль Стрэльчанка.

Вядома, што Сапрыгіна ў апошні год знаходзілася дома, бо даглядала за сваёй 83-гадовай маці — ліквідатарскай ЧАЭС, што мае інваліднасьць другой групы. Маці Ірыны ня можа заставацца адна праз стан здароўя (яна невідушчая), а іншых сваякоў у яе няма. Тым ня менш жанчыне не зьмянілі меру стрыманьня са зьмяшчэньня пад варту на паручальніцтва. Вядома таксама, што да маці Сапрыгінай прыходзіў міліцыянт і пытаўся пра яе стаўленьне да Ўкраіны і Ізраілю.

Ірыне прызначылі 2,5 года «хатняй хіміі» і штраф у памеры 100 базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG