Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦВК Расеі заявіла, што на прэзыдэнцкіх выбарах ужо прагаласавалі 23% выбарнікаў


Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі, Рэспубліка Саха (Якуція)
Датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Расеі, Рэспубліка Саха (Якуція)

ЦВК Расеі паведаміла, што да 16:00 па маскоўскім часе прагаласавалі ўжо 23,02% зарэгістраваных выбаршчыкаў, у тым ліку на акупаваных тэрыторыях.

У шэрагу рэгіёнаў яўка перавысіла 50%.

У Маскве з дапамогай дыстанцыйнага электроннага галасаваньня (ДЭГ) прагаласавалі ўжо 22% сталічных выбаршчыкаў.

З раніцы ў розных рэгіёнах Расеі назіраюцца збоі ў рабоце ДЭГ і цэнтралізаваным галасаваньні работнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў і ўстановаў. СМІ і тэлеграм-каналы паведамляюць пра шматлікія выпадкі «справаздачы» выбаршчыкаў перад працадаўцамі. Паведамлялася, што бюджэтнікам настойліва раілі галасаваць менавіта 15 сакавіка.

З 26 лютага па 14 сакавіка ў Расеі адбывалася датэрміновае галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах. Паводле ЦВК, у ім узялі ўдзел прыкладна 2% выбарнікаў.

Сёньня паступаюць паведамленьні, што ў некалькіх рэгіёнах улады ціснуць на валянтэраў, якія праводзяць экзіт-полы ля ўчасткаў.

Таксама ўлады папярэдзілі, што могуць лічыць парушэньнем закону ўдзел у акцыі «Поўдзень супраць Пуціна» — прыхільнікі Аляксея Навальнага заклікалі людзей 17 сакавіка прыйсьці на ўчасткі адначасова апоўдні, каб выказаць негалосны пратэст.

ЦВК паведаміла, што за выбарамі сочаць больш за 333 тысячы назіральнікаў. Аднак у асноўным яны накіраваныя Пуціным і рэгіянальнымі грамадзкімі палатамі, паведамляе рух «Голас». Партыі КПРФ і ЛДПР адклікаюць сваіх назіральнікаў: аб падобным паведамлялася з Чэлябінску, Іванава, Калугі і Пецярбургу.

  • Уладзімір Пуцін, які кіруе Расеяй з 2000 году, балятуецца на пяты тэрмін. Акрамя дзейнага прэзыдэнта, на выбарах тры кандыдаты — віцэ-сьпікер Дзярждумы Ўладзіслаў Даванкоў ад партыі «Новыя людзі», дэпутаты Дзярждумы Мікалай Харытонаў ад партыі КПРФ і Леанід Слуцкі ад ЛДПР. Усім кандыдатам ад непарлямэнцкіх партый і самавылучэнцам, якія зьбіралі подпісы (акрамя Пуціна), Цэнтральная выбарчая камісія ў рэгістрацыі адмовіла.
  • Галасаваньне на выбарах прэзыдэнта Расеі праходзіць з 15 па 17 сакавіка 2024 году. Выбары ў Расеі незалежныя назіральнікі і экспэрты ацэньваюць як несвабодныя і несумленныя. Улады ўмешваюцца ў выбарчы працэс, ствараюць перавагі праўладным кандыдатам, у шэрагу выпадкаў гаворка ідзе і пра прамыя фальсыфікацыі.
  • Шэраг дэпутатаў Эўрапарлямэнту і іншыя палітыкі заклікаюць не прызнаваць вынікі выбараў прэзыдэнта Расеі і, такім чынам, легітымнасьць Пуціна. Яны адзначаюць як галасаваньне на акупаваных тэрыторыях, так і, напрыклад, прынятыя папраўкі да Канстытуцыі, якія дазваляюць Пуціну балятавацца на пяты тэрмін. Лідэры заходніх краінаў не казалі пра магчымасьць непрызнаньня вынікаў выбараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG