Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Канстытуцыя — палітвязень нумар 1, першая ахвяра рэжыму», — Ціханоўская ў Сейме Літвы


Сьвятлана Ціханоўская падчас канфэрэнцыі ў Сейме Літвы
Сьвятлана Ціханоўская падчас канфэрэнцыі ў Сейме Літвы

Сьвятлана Ціханоўская 15 сакавіка выступіла на канфэрэнцыі «Інвэстыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў», якая праходзіць у Сейме Літвы ў Вільні.

Канфэрэнцыя «Інвестыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў».
Канфэрэнцыя «Інвестыцыі ў доўгатэрміновую будучыню дэмакратычнай Беларусі: ключавыя стратэгіі рэформаў».

Беларуская дэмакратычная лідэрка падзякавала ўдзельнікам за «вялікую салідарнасьць і падтрымку з 2020 году», адзначыўшы «надзвычайную ролю» ў гэтай дапамозе старшыні Сейму Літвы Вікторыі Чміліце-Нільсэн.

«Цягам стагодзьдзяў нашы народы — літоўцы, беларусы, палякі, украінцы — разам змагаліся за свабоду, супраць прыгнёту, дзеля эўрапейскай будучыні. Сёньня Літва ёсьць прыкладам устойлівай дэмакратыі, якою мы захапляемся і якой прытрымліваемся», — заявіла Ціханоўская, якую цытуе яе прэсавая служба.

«Трыццаць гадоў таму, у гэты самы дзень, Вярхоўны Савет Беларусі прыняў Канстытуцыю. Гэта быў вырашальны крок да ўмацаваньня сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны. Гэтая Канстытуцыя заклала аснову нашай дзяржавы, заснаваную на дэмакратычных прынцыпах, правах чалавека і вяршэнстве закону. Дзень 15 сакавіка стаў нацыянальным сьвятам. І я віншую ўсіх грамадзян Беларусі, усіх беларусаў, дзе б вы ні знаходзіліся зараз, у ваш Дзень Канстытуцыі!», — заявіла Ціханоўская.

Яна адзначыла, што рэжым Лукашэнкі ня любіць сьвяткаваць гэты важны ў гісторыі Беларусі дзень, «бо дыктатура дрэнна спалучаецца зь міжнароднымі праўнымі стандартамі і дэмакратычнай Канстытуцыяй».

«Канстытуцыя — палітвязень нумар 1. Яна стала самай першай ахвярай рэжыму».

Ня ўсе разумеюць альтэрнатыву сёньняшняму рэжыму Лукашэнкі, адзначыла Ціханоўская, і задаюцца пытаньнем «Якую Беларусь вы прапануеце?»

«Праект новай Канстытуцыі, які распрацаваў наш заканадаўчы орган экспэртаў, палітолягаў і праваабаронцаў — адказ на грамадзкі запыт. Перш за ўсё, новая Канстытуцыя павінна гарантаваць, што тыранія ніколі ня вернецца ў Беларусь. Па-другое, яна павінна забясьпечыць падзел уладаў і вяршэнства закону. І, нарэшце, павінна забясьпечыць, каб пасьля дэмакратычнага пераходу улады Беларусь стала стабільнай, дэмакратычнай і сувэрэннай эўрапейскай краінай і нацыяй».

Ціханоўская заявіла, што пасьля распрацоўкі новай Канстытуцыі экспэрты не спыніліся і працягнулі працу над комплексным пакетам законаў і рэформаў.

«Як паказала гісторыя, калі зьмены пачынаюцца — яны адбываюцца хутка. І я рада, што найлепшыя спэцыялісты з Літвы, Украіны і іншых краін зрабілі свой уклад у гэтую працу і падзяліліся сваім досьведам».

Ціхноўская таксама запрасіла беларусаў удзельнічаць у працы над новай Канстытуцыяй, распрацоўцы законаў і будучых рэформаў.

«Мы ня толькі ўяўляем сабе новую Беларусь; мы закладваем аснову для гэтага. Я веру, што аднойчы ўсе гэтыя законапраекты стануць законамі. І веру, што нашы агульныя мары аб дэмакратычнай і эўрапейскай будучыні Беларусі стануць рэальнасьцю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG