Затрыманьне ў Пінску
Сілавікі затрымалі пінчука па некалькіх крымінальных артыкулах. Па вэрсіі МУС, затрыманы рабіў ролікі з кампраматам, паказваў іх мясцовым прадпрымальнікам і патрабаваў грошы за «маўчаньне». Таксама ён нібыта «садзейнічаў дзейнасьці экстрэмісцкага тэлеграм-канала, адміністратары якога знаходзяцца за мяжой».
Мужчыну абвінавачваюць па крымінальных справах за «вымагальніцтва» (арт. 208 КК), «паклёп у дачыненьні да Лукашэнкі» (арт. 367 КК), «садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-4 КК).
Справу палітзняволенай Кароль пачалі разглядаць у Гомлі
Працэс супраць Сьвятланы Кароль ідзе ў Гомельскім абласным судзе. 64-гадовую жанчыну абвінавачваюць у паклёпе на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК) і распальваньні сацыяльнай варожасьці альбо звады (ч. 1 арт. 130 КК).
Справу ў закрытым рэжыме будзе разглядаць судзьдзя Вадзім Бобыраў.
Сьвятлана — пэнсіянэрка і велаактывістка з Гомля, старшыня абласнога грамадзкага аб’яднаньня «ВелаГомель». У 2020 годзе жанчына далучылася да Гомельскай Каардынацыйнай рады. Дома Сьвятлану чакаюць старая маці і муж з анкалягічнай хваробай, якімі яна апякуецца.
Сілавікі затрымалі менчука за «пратэставы чахол» на тэлефоне
Сілавікі затрымалі менчука, якога абвінавачваюць ва ўдзеле ў пратэстах і распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Паводле інфармацыі выданьня «Наша Ніва», затрыманага завуць Дзьмітры Шчамер, ён кандыдат у майстры спорту па плаваньні.
На камэру ён кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году, дзе здымаў усё, што адбывалася, на тэлефон. Таксама распаўсюджваў налепкі з «дэструктыўнымі» надпісамі.
Аўтары канала пішуць, што менчука затрымалі за чахол з пратэставай сымболікай на тэлефоне, які ён «дэманстраваў у грамадзкіх месцах». А ўжо пасьля ў тэлефоне знайшлі фота ўдзелу ў пратэстах і фота ўлётак.
Па якім артыкуле затрымалі, невядома.