Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 сакавіка: затрыманьне ў Лідзе за «распаўсюд экстрэмізму»; штраф за падпіску ў Інстаграме


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Штодня зьяўляецца інфармацыя пра затрыманьні і суды ў Беларусі з палітычных матываў.

У Лідзе шматдзетнага бацьку затрымалі за «распаўсюд экстрэмізму»

Затрыманы — 47-гадовы Сяргей Копаць. Як відаць з сацыяльных сетак, у яго ёсьць жонка і ня менш за трое дзяцей.

На відэа ён кажа, што «распаўсюдзіў экстрэмісцкія матэрыялы і выяву свастыкі ў сацыяльных сетках». Таксама сілавікі пішуць, быццам Сяргей удзельнічаў у пратэстах у Лідзе ў 2020-м, але пацьверджанняў гэтаму не прыводзяць.

Сілавікі сьцьвярджаюць, што мужчыну чакае зьняволеньне, але пра адміністрацыйную ці пра крымінальную справу ідзецца — невядома, піша «Наша Ніва».

Суд аштрафаваў жыхарку Горадні за падпіску на старонку журналіста Руслана Кулевіча ў Інстаграме

Суд Кастрычніцкага раёну Горадні аштрафаваў мясцовую жыхарку на 30 базавых велічыняў (1200 рублёў) за падпіску на старонку журналіста Руслана Кулевіча ў Інстаграме. Пастанову ў банку дадзеных судовых рашэньняў заўважыў тэлеграм-канал «Право имеют».

Гарадзенку абвінавацілі ў распаўсюджваньні «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (артыкул 19.11 КаАП). Апроч штрафу, суд пастанавіў сканфіскаваць яе мабільны тэлефон як «сродак зьдзяйсьненьня адміністрацыйнага правапарушэньня».

Інстаграм-акаўнт былога журналіста Hrodno.life і заснавальніка выданьня Mostmedia.io Руслана Кулевіча ўключылі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» у студзені 2023 году.

Сілавікі затрымалі жыхара Магілёва

На відэа сілавікоў мужчына кажа, што ўдзельнічаў у акцыях пратэсту, а таксама пакідаў камэнтары ў Telegram, піша «Вясна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG