Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 6 сакавіка: масавы суд у Баранавічах за ўдзел у пратэстах  


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюцца палітычна матываваныя затрыманьні, арышты і суды.

Масавы суд у Баранавічах за ўдзел у пратэстах

У Баранавічах судзяць адразу васьмярых чалавек.
6 сакавіка ў судзе гораду Баранавічы Анастасія Паўлечка пачала разглядаць справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У ёй адразу восем абвінавачаных: Аляксандар Лявончык, Яўген Цыбулька, Юры Хаванскі, Міхаіл Петраш, Філіп Сьцёпін, Вячаслаў Баравік, Крысьціна Дыдышка-Чаркашына і Іван Дыдышка.

Вядома, што Вячаслаў Баравік у відэа, апублікаваных у праўладным канале, казаў пра свой удзел у адным з Маршаў у 2020 годзе. Імаверна, астатніх абвінавачаных затрымалі з той жа нагоды, піша «Вясна».

Дваіх жыхароў Горадні аштрафавалі за атрыманую ад ініцыятывы INeedHelp дапамогу

Выхавальніцу і самазанятага з Горадні судзілі за парушэньне дэкрэту аб замежнай бязвыплатнай дапамозе — за дапамогу, атрыманую ад ініцыятывы INeedHelp, паведамляе Hrodna.life.

Суд палічыў, што яны садзейнічалі экстрэмісцкай дзейнасьці і «неправамерна легітымізавалі злачынцаў», у тым ліку надаючы ім «псэўдастатус палітвязьняў». Згодна з матэрыяламі справы, выхавальніца атрымала прадукты на суму 1651 рубель, самазаняты — на 6540 рублёў. Яны мусяць аддаць гэтыя грошы дзяржаве і заплаціць па 1200 рублёў штрафу.

Пасьля студзеньскага рэйду сілавікоў у Беларусі пачалі масава судзіць людзей за «выкарыстаньне замежнай дапамогі для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці». Паводле інфармацыі праваабаронцаў, на канец лютага па гэтым артыкуле асудзілі больш за 100 чалавек.

Жыхара Лунінца асудзілі на сем гадоў калёніі паводле пяці артыкулаў

Берасьцейскі абласны суд 4 сакавіка вынес прысуд 36-гадоваму жыхару Лунінца Аляксандру Паліўка, інкрымінаваўшы яму пяць крымінальных артыкулаў, звычайных для палітычных справаў:

  • заклікі да санкцыяў (ч. 3 арт. 361 КК),
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо ўдзел у ім (ч. 3 арт. 361-1 КК),
  • абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК),
  • абразу Лукашэнкі (ч. 1 арт 368 КК),
  • паклёп на Лукашэнку (ч. 2 арт. 367 КК).

Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская, паведамляе праваабарончы цэнтар «Вясна».

Аляксандра Паліўку затрымалі за камэнтары ў сацыяльных сетках. Напрыклад, Паліўка «абразіў» ужо памерлага міліцыянта. Невялікі камэнтар у адрас Лукашэнкі разьдзялілі на два артыкулы: абраза і паклёп.

Праваабаронцам вядома, што ў ліпені 2023 году Аляксандар быў пад вартай (што апратэстоўваў праз суд).

Абвінавачаньне запрасіла для Аляксандра Паліўкі сем гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, піша «Беларускае Радыё Рацыя». Менавіта такі прысуд вынесла судзьдзя Сьвятлана Крамянеўская.

Сілавікі затрымалі 5 жыхароў Бярозы за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе

Сілавікі затрымалі сама меней пяцярых жыхароў Бярозы за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе, відэа зь імі апублікаваў адзін з праўладных каналаў, блізкі за сілавікоў, заўважыла «Медиазона».

У роліку дэманструецца затрыманьне жыхароў Бярозы, аднаго мужчыну сілавікі паклалі на асфальт на вуліцы, яшчэ аднаго — на падлогу ў чарзе ў краме. Затрыманыя на відэа кажуць, што ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе, адзін зь іх называе сваю прафэсію — кіроўца-дальнабойнік. Двое з затрыманых стаяць перад камэрай у кайданках.

Па якіх менавіта артыкулах затрымалі жыхароў Бярозы і што зь імі цяпер — невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG