Ад чатырнаццацігадовага ўзросту закон у Беларусі дазваляе самастойна зьвяртацца ў суд, каб адстойваць свае правы, чым і скарысталася наша гераіня.
Невядома дакладна, колькі ёй гадоў, але зразумела, што ад 14 да 18. З бацькам пасьля разводу яна пэўны час была ў кепскіх стасунках, ён часта тэлефанаваў ёй п’яны, і пасьля чарговага такога званка яна перастала размаўляць зь ім увогуле. Алімэнты ён таксама плаціў абы-як, і ў цэлым жыцьцём дачкі не цікавіўся. Падтрымалі дзяўчыну і маці, і раённая ўправа адукацыі, і пракурор, і, урэшце, судзьдзя.
А я, чытаючы гэтую гісторыю, падумала, што вось яна — фундамэнтальная розьніца паміж старэйшымі пакаленьнямі і гэтым, зусім юным. Бо пакуль мы на поўным сур’ёзе дыскутуем пра (не)дапушчальнасьць хатняга гвалту, быццам бы нават у тэорыі можна прыйсьці да высновы, што гэта дапушчальна, юная дзяўчына ідзе ў суд і пазбаўляе бацьку адпаведных правоў. Яна дакладна ведае, што зь ёю так абыходзіцца нельга. Ён абражае яе пры размовах і не цікавіцца яе жыцьцём — яна перастала за ім камунікаваць і зрабіла так, каб потым, калі алькагольная залежнасьць дастаткова пагоршыць ягонае здароўе, ён ня вырашыў, што цяпер яна абавязаная пра яго паклапаціцца.
Яна не паставіла на першае месца ні магчымыя плёткі, ні думкі людзей навокал сябе, ні нейкія традыцыі. Ёй, відавочна, пляваць, што скажуць суседзі, настаўніцы ці хто заўгодна яшчэ. Я амаль упэўнена, што ў побытавых сытуацыях яна нават ня будзе некаму даводзіць, што мела права на гэтае рашэньне. Яна проста ведае, што зь ёю нельга кепска абыходзіцца, вось і ўсё.
І маці, на шчасьце, таксама на яе баку. Хтосьці можа сказаць, што гэта маці прымусіла яе пайсьці ў суд, але калі паглядзець на ўсю сытуацыю — абыякавасьць бацькі, абразы, нерэгулярную выплату алімэнтаў, — дык нашмат больш праўдападобнай выглядае першапачатковая вэрсія: дзяўчына сама вырашыла падаць у суд. А тое, што маці яе ў гэтым падтрымала, — добры прыклад для іншых жанчын у падобнай сытуацыі.
Я ведаю шмат гісторый, калі сваякі не падавалі ў суд адзін на аднаго, хоць мелі сур’ёзныя прычыны. Яны баяліся асуджэньня знаёмых, лічылі, што гэта «неяк не па-людзку». Звычайна гэта завяршалася ня надта добра — бо той чалавек, на якога яны саромеліся падаваць у суд, не саромеўся шкодзіць ім. Але, хочацца верыць, пэўныя этычныя нормы зьмяняюцца, і мы будзем часьцей адстойваць сябе, калі гэта неабходна.
Вядома ж, беларускія суды дужа дыскрэдытавалі сябе праз тое, што ўдзельнічаюць у палітычных рэпрэсіях, і спасылка на іх рашэньні — ня самы моцны аргумэнт. Але канкрэтна гэтая справа выглядае цалкам побытавай і без палітычнага складніку. Больш за тое, я ведаю, як часта беларускія суды накіраваныя на прымірэньне бакоў і нават угаворваюць пацярпелых ад хатняга гвалту прабачыць агрэсару. Тут жа ўсе адназначна сталі на бок дзяўчыны, і гэта таксама не падобна да тыповай сфабрыкаванай справы.
Знойдуцца і тыя, хто скажа, што гэта які-ніякі, але бацька. Ну, калі кіравацца такой лёгікай, ён ім і застаецца. Яму ніхто не замінае даказаць дачцэ, што ён можа стаць лепшым. Толькі нешта мне падказвае, што яму гэта абсалютна ня трэба.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.