Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьмецьце з хаты. Чаму жанчыны, якія напісалі пра гвалт, сутыкаюцца як з падтрымкай, так і з цкаваньнем


Анісія Казьлюк, Ганна Матуляк, каляж
Анісія Казьлюк, Ганна Матуляк, каляж

Хваля публікацыяў з апісаньнем уласнага досьведу выпадкаў гвалту пачалася пасьля забойства беларускі Лізаветы ў Варшаве. Аўтаркі такіх допісаў сутыкнуліся ня толькі з падтрымкай.

Падтрымка, хэйт і бруд

«Ён лёг на мой ложак. Я сказала, што ў нас нічога ня можа быць, і перайшла на іншы. Гэта паўтарылася некалькі разоў. А потым я прачнулася ад таго, што ён гвалтаваў мяне. Я вырвалася, крычала, што ён — пачвара, узяла рэчы і зьбегла. Так, я была п’яная, але ў маім выглядзе і паводзінах не было нічога, што мусіла б намякаць на нейкую згоду».

Сваёй гісторыяй праваабаронца Анісія Казьлюк падзялілася ў instagram. Яна кажа, што гвалт адбыўся летась у Грузіі. Тады, з словаў суразмоўцы, яна думала зрабіць сытуацыю публічнай. Але не зрабіла і не пайшла ў паліцыю. Бо «не хацела псаваць чалавеку жыцьцё». Пасьля трагедыі зь Лізаветай праваабаронца вырашыла ўсё ж падзяліцца сваёй гісторыяй. Раней пра выпадак ведалі толькі блізкія.

«Яшчэ тады, у Грузіі, мой муж хацеў пайсьці і пабіць гэтага чалавека. Але я яго адгаварыла і цяпер шкадую. Бо калі б бойка адбылася тады, сёньня на мяне ў камэнтарах не ляцеў бы гэты бруд і хэйт», — мяркуе Анісія.

Анісія Казьлюк
Анісія Казьлюк

Сваім допісам яна падзялілася зь цяперашняй сяброўкай таго чалавека. Але, з словаў суразмоўцы, тая спачатку не паверыла і нават папрасіла апісаць кватэру, у якой усё адбылося. Пасьля гэтага той чалавек пачаў, як кажа Анісія, званіць яе мужу і адмаўляць выпадак гвалту.

«Муж ведаў пра гэта яшчэ ў Грузіі. А той даказваў, што я проста хачу ачарніць яго і выдумала гэтую гісторыю. Мяне зьдзівіла, што ён цалкам адмаўляў рэальнасьць. Не казаў, прыкладам, што я была ня супраць, што быў сэкс са згоды, проста адмаўляў. У той жа час ягоныя сябры лілі бруд на мяне ў камэнтарах», — гаворыць Анісія.

Яна не шкадуе, што зрабіла гісторыю публічнай. Гаворыць, што мела моцную падтрымку, абмеркавала сытуацыю зь іншымі дзяўчатамі. Кажа, што такім чынам удалося выкрыць асобаў, «зь якімі лепш ня мець справы і якім нельга давяраць, заставацца сам-насам зь імі».

Анісію абурае рэакцыя некаторых мужчын, якія заявілі, што публікацыяй сваіх гісторый дзяўчаты абясцэньваюць сытуацыю, якая адбылася з Лізаветай.

«Я ня згодная. Бо ў лёгіцы мужчын мая гісторыя падпадае пад „няўдалы вечар“. Я зьвязваю гэта з тым, што мужчынам не зразумець — што з намі адбылося, нават з прычыны фізіялёгіі. Бо мужчыны маюць вонкавыя полавыя органы. Гвалт над жанчынай — гэта тое, што трапляе ўнутр цябе, і ты адчуваеш сябе як мінімум бруднай», — кажа беларуска.

Яна лічыць, што тэму гвалту ня варта замоўчваць. Наадварот, трэба больш гаварыць пра гэта. Анісія спадзяецца, што некалі будуць непрымальнымі такія рэчы, як сэксісцкія жарты ў калектыве ці абдыманьні за талію незнаёмага чалавека.

«Хоча дапамагчы, але ня ведае як»

«На асэнсаваньне таго, што гэтае атрыманьне мяне сілай — ненармальна, мне спатрэбілася прыкладна 10 год. Да гэтага, калі зрэдку ўспаміны пра той выпадак вярталіся, я думала, што вінаватая я. Што дала нейкую зачэпку. Гэта тое самае, пра што людзі навокал кажуць: „сама ноччу хадзіла“, „адзелася ня так“. Але ўсё адбывалася ўдзень, адзетая я была ў звычайнае штодзённае адзенне — і гэта абсалютна няважна насамрэч».

Настаўніца, паэтка, вядоўца курсаў «Мова дзеткам» Дар’я Роскач гаворыць, што сутыкнулася з гвалтам больш за 10 гадоў таму ў студэнцкім інтэрнаце. Дар’я прызналася, што за гэты час нікому не казала пра тое здарэньне. З словаў суразмоўцы, гвалтаўніком быў чалавек, які «зрабіў шмат добрага», быў актыўным у навуковай і валянтэрскай дзейнасьці. Такі, на якога «ніхто б не падумаў».

Дар’я кажа, што пасьля публікацыі сваёй гісторыі атрымала словы падтрымкі ад знаёмых. У асноўным камэнтары былі ад жанчын. Некаторыя мужчыны напісалі ў прыват словы: «не ўяўляем, што вам давялося перажыць, трымайцеся». Мужчын, якія падтрымалі Дар’ю, было значна менш.

Дар'я Роскач
Дар'я Роскач

«Адгукнулася дзяўчына, якая, пэўна, ведае гэтага чалавека, і яна была ў шоку, што такое можа быць настолькі блізка. Гэта кажа пра тое, што гвалтаўнікі — не далёкія, „недзе там“ маньякі, яны побач», — гаворыць суразмоўца.

Дар’я дадае, што яе малады чалавек хацеў яе падтрымаць, але ня ведаў, як правільна гэта зрабіць, каб не зрабіць яшчэ больш балюча.

«Ён казаў, што разумее, што трэба нешта зрабіць, але ня ведае як. Потым гісторыі пасыпаліся як зь меху. І ў мужчын, якія могуць мысьліць крытычна, паўстала пытаньне: «Як жа так, гэта ж побач з намі». Магчыма, у некага паўстала пытаньне: «Ці не зрабіў я нешта такое?», — кажа Дар’я.

Яна зазначае, што ёй бы хацелася, каб мужчыны, якім ня ўсё адно, у першую чаргу таксама адстойвалі права жанчыны на свабоду і бясьпеку.

«Нават давесьці камусьці ў сацыяльных сетках, што ён ня мае рацыі, і сказаць, што не „сама вінаватая“. Гэта нямала. На жаль, сьвет такі, што ўсё яшчэ словы мужчын вышэйшыя за жаночыя. Але гэта таксама значыць, што мужчына можа ўплываць на іншых мужчын», лічыць суразмоўца.

Праца ў тэме, якая доўгі час была закрытай

«Гэта ўсё мужчыны. Не псыхапаты. Сябра мужа. Брат маці. Сябра таты. Сусед. Хросны. Выкладчык. Трэнэр. Таксіст. Міністар. Звычайныя мужчыны. І яны гэта робяць не таму, што ўваходзяць у катэгорыю адбітых псыхаў. Яны гэта робяць проста таму, што хочуць. І могуць».

Псыхатэрапеўтка, дырэктарка European Institute of Modern Psychotherapy Ганна Матуляк апісала на сваіх старонках ў facebook і instagram гісторыі «заляцаньняў» да яе і спробаў згвалтаваньня, пачынаючы ад настаўніка фізкультуры ў 7 клясе.

Яна кажа, што у цэлым атрымала пазытыўную рэакцыю. Толькі ў камэнтарах у instagram зьявіліся допісы ад мужчыны з прапановай пагаварыць пра гвалт з боку жанчын.

Ганна Матуляк
Ганна Матуляк

«Бачна, што мужчына быў у сваіх фантазіях ці працэсах. Ягоны апанэнт ў камэнтарах напісаў: „мы, мужыкі, ператрываем гэты ўвесь гвалт з боку жанчын, пырсканьне сьлінай, прыніжэньне нашай годнасьці, потым жа вы па-сапраўднаму даведаецеся — што такое гвалт“. Такі неадэкватны дыялёг быў. Так бывае, калі чалавек не ў кантэксьце таго, што ты напісала. Ён проста ў сваім сьвеце, у сваім афэкце. Відавочна, што ў ягоным досьведзе было нешта такое, чаму ён ня можа даць рады, ён проста гэта трансьлюе бясконца», — кажа псыхатэрапэўтка.

Яна раіць перад апублікаваньнем кожнай уражальнай гісторыі разумець, наколькі чалавек абаронены і гатовы сутыкнуцца з той ці іншай рэакцыяй і акружыць сябе падтрымкай.

«Каб былі побач людзі, якія нават пры ўзьнікненьні вось такіх гісторыяў і рэакцыяў — «сама вінаватая», «нечага было хадзіць ноччу» — былі б побач і падтрымалі, што «ты ў парадку, ты нармальная», — кажа Ганна.

Сытуацыі, калі чалавек піша ўражальную гісторыю і атрымлівае порцыю нянавісьці, яна называе «рэтраўматызацыяй». Такое адбываецца, калі чалавек трапляе ў старую траўму і пачынае перажываць яе нанова.

«У гэтай сытуацыі мы вяртаемся да нашага мінулага досьведу, так ці інакш мы пачынаем яго перажываць. У самым працэсе можа ня быць нечага благога, наадварот — ён можа быць гаючым, калі мы нейкі фрагмэнт перажылі і займелі падтрымку ад іншых. Бо траўма фармуецца, калі мы засталіся ў самоце, не маглі зь некім падзяліць пачуцьці, калі нам ніхто не сказаў: „з табой усё у парадку, ты не вінаватая, што з табой гэта здарылася“. Таму калі гэты досьвед пражываецца нанова, але ўжо зь іншымі пераменнымі, калі ёсьць падтрымка — то гэта ўжо іншая гісторыя», — тлумачыць псыхатэрапэўтка.

Яна бачыць карысьць акцыі #хопіцьгвалціць у тым, што да акцыі далучыліся і мужчыны, якія ня проста выказвалі падтрымку і прапаноўвалі чарговы раз курсы самаабароны, а заклікалі зьвярнуць увагу на праблему.

«Былі і рэфлексіўныя тэксты, дзе мужчыны прызнаюцца, што яны сапраўды не заўважаюць ці не разумеюць многіх рэчаў. Для мяне гэта важны прэцэдэнт, які можа паўплываць на сытуацыю. Бо ў патрыярхальным грамадзтве — а яно ў нас яшчэ такое — слова мужчын мае большую вагу, чым слова жанчын. Таму я аптымістычна гляджу на тое, што працэс ідзе, хоць ня так хутка, як хацелася б», — дадала Ганна.

Яна зазначыла, што ад кожнай і кожнага патрабуецца праца над сабой, бо ў тым грамадзтве, дзе мы расьлі, гвалт — асноўны інструмэнт кіраваньня, выхаваньня, выстройваньня адносінаў. Таму людзі сталі ня вельмі адчувальныя да гвалту.

Яна дадала, што, маючы пэўны статус і адказнасьць, паказвае людзям, што і зь ёю такое адбылося. І гэта ня сорамна, і яна ня стала ад гэтага горшая.

«Гэта важная асьветніцкая праца, мы ўсе маем у ёй патрэбу, бо доўгі час тэма была закрытая, бо „сьмецьце нельга з хаты выносіць“. Але выносіць яго — гаюча», — кажа Ганна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG