Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусам за мяжой з пратэрмінаванымі пашпартамі сталі пагражаць штрафамі на радзіме


Беларусам за мяжой, у якіх скончыўся тэрмін дзеяньня пашпарта, пачалі прыходзіць лісты з аддзелаў грамадзянства і міграцыі (АГіМ) МУС, паведамляе «Люстэрка». У лістах пагражаюць штрафам, калі чалавек своечасова не атрымае новы пашпарт.

Пра лісты з АГіМ выданьню расказалі два чытачы, якія жывуць за мяжой. Яны атрымалі іх на адрасы рэгістрацыі: адзін у Менску, другі — у раённым цэнтры.

«У адпаведнасьці з ч. 3 арт. 24.33 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях Рэспублікі Беларусь, жыхарства без дакумэнтаў, якія сьведчаць асобу, альбо па несапраўдных дакумэнтах, якія сьведчаць асобу, цягне за сабой накладаньне штрафу ў памеры да чатырох базавых велічыняў (цяпер гэта 160 рублёў — рэд.)», — гаворыцца ў лісьце.

Адрасатаў лістоў просяць зьвярнуцца ў адпаведны орган на месцы рэгістрацыі, каб абмяняць пратэрмінаваны пашпарт.

Пад выглядам чалавека, які атрымаў падобны ліст, журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у два менскія аддзелы міграцыі і спытаў, як унікнуць штрафу, калі жывеш за мяжой.

У АГіМ Маскоўскага РУУС Менску сказалі, што лісты — проста апавяшчэньне пра адказнасьць, а штрафаваць людзей у бліжэйшыя месяцы ніхто не зьбіраецца. «Аб пагрозе штрафу пакуль гаворкі не ідзе», — запэніў супрацоўнік аддзелу міграцыі.

На пытаньне, у якія тэрміны могуць выставіць штраф за пратэрмінаваны пашпарт, супрацоўнік АГіМ запэўніў: «Ня выставяць. Не хвалюйцеся. Калі на працягу гэтага году прыедзеце, памяняеце — усё будзе нармальна».

Супрацоўніца АГІМ Савецкага РУУС сказала, што для ўніканьня штрафу трэба апавясьціць дзяржаўны орган аб наяўнасьці дазволу на жыхарства ці іншага статусу легалізацыі за мяжой. Пры гэтым яна запэўніла, што штраф могуць выставіць толькі пры фізычнай прысутнасьці чалавека ў Беларусі.

«Вы можаце пакінуць электронны зварот на сайце нашага РУУС пра тое, што ў вас скончыўся тэрмін дзеяньня беларускага пашпарта, а прыехаць у краіну для яго замены магчымасьці няма. Таксама ў звароце трэба паведаміць пра наяўнасьць ДНЖ замежнай дзяржавы і прыкласьці яе выяву. Мы адкажам на ваш зварот і накіруем паведамленьне аб атрыманых зьвестках пра ДНЖ. Для таго каб пасьля ніякіх дзяржаўных санкцый да вас не ўжываць», — сказала супрацоўніца АГІМ.

Штрафы людзям з пратэрмінаванымі пашпартамі — практыка ня новая, кажа адвакатка Марыя Колесава-Гудзіліна. Яна падкрэсьлівае, што чалавека могуць аштрафаваць, нават калі ён знаходзіцца за межамі Беларусі. Але падобныя лісты, паводле юрысткі, — толькі папярэднія апавяшчэньні: калі чалавеку сапраўды будзе пагражаць штраф, яму вышлюць адпаведную позву пра выклік у якасьці асобы, якую прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці (яе могуць даслаць папяровым лістом, праз СМС і нават праз мэсэнджары).

Раней беларусы, якія стала жывуць за межамі Беларусі і стаяць на консульскім уліку, маглі атрымаць або абмяняць пашпарт у амбасадах і консульствах. Летась у верасьні Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб забароне абменьваць беларускія пашпарты ці падаўжаць тэрмін іх дзеяньня ў амбасадах і консульствах за мяжой, цяпер гэта можна рабіць толькі «ў органах унутраных справаў у месцы апошняй рэгістрацыі на месцы жыхарства».

Пасьля выхаду ўказу стала вядома пра некалькі выпадкаў затрыманьня беларусаў, якія вярталіся ў Беларусь памяняць пратэрмінаваны пашпарт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG