Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі: Я падвёў Лукашэнку за руку да Байдэна і яны цёпла паразмаўлялі


Міхэіл Саакашвілі, Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка
Міхэіл Саакашвілі, Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка

Экс-прэзыдэнт Грузіі Міхэіл Саакашвілі, які з 2021 году знаходзіцца ў зьняволеньні ў грузінскай турме, даў інтэрвію парталу «Люстэрка» . Партал перадаў Саакашвілі пытаньні, на якія ён адказаў пісьмова.

Прапануем вам фрагмэнт інтэрвію, наўпрост прысьвечаны Беларусі.

— Вы распавялі, што за час свайго прэзыдэнцтва вы чатыры разы таемна сустракаліся з Аляксандрам Лукашэнкам у Лёндане. Як такія сустрэчы ладзяцца? Пра што на іх ішла размова? Калі менавіта яны праходзілі?

— Мы не сустракаліся ў Лёндане. Проста два разы я лятаў у Менск празь Лёндан. Пасярэднікам сустрэчаў выступаў Барыс Беразоўскі, які да таго часу асеў у Менску. Трэці раз, ужо пасьля прайграных парлямэнцкіх выбараў, я паляцеў наўпрост з Тбілісі ў Менск. Гэта ўсё адбывалася ў 2010 і 2013 гадах. Мы размаўлялі шмат аб чым. Дакладней, Лукашэнка казаў, а я слухаў. Акрамя гэтага, калі я быў кіраўніком Адэскай вобласьці (у 2015-2016 гадах. — «Люстэрка»), да мяне разам з міністрам замежных справаў Літвы Лінасам Лінкявічусам прыяжджаў Уладзімер Макей, тады беларускі міністар замежных справаў, які паводзіў сябе як заходні «ястраб».

Я ўпэўнены, што Макея забіла Масква, і гэта было апошнім папярэджаньнем Лукашэнку. Я магу пацьвердзіць, што падчас майго прэзыдэнцтва я асабіста і наш міністар замежных справаў шмат працавалі з Макеем, які, вядома ж, пры падтрымцы Лукашэнкі спрабаваў наладзіць сувязі з Захадам, што ўжо тады выклікала крайнюю непрыязь Масквы, там лічылі Макея здраднікам і перабежчыкам.

— Вашая асабістая думка пра Лукашэнку як пра чалавека і палітыку?

— Для яго грошы і раскоша не маюць асаблівага значэньня. Адзінае, што яго хвалюе — улада. Імкненьне да яе ён апраўдвае тым, што акрамя яго ніхто ня зможа выратаваць і разьвіваць Беларусь.

— Увосень 2022 года Лукашэнка наведаў Абхазію. Што б вы яму сказалі на гэты конт?

— Гэта быў яго манэўр: паехаць у Абхазію, але пры гэтым не прызнаць яе, ва ўмовах, калі магчымасьці для манэўру ў Лукашэнкі вельмі зьнізіліся.

​ — Вы сябравалі з Лукашэнкам і шмат размаўлялі. Ён сябра Уладзіміра Пуціна?

— У мяне былі цікавыя, комплексныя адносіны з Лукашэнкам. Ён насамрэч не сябра Пуціна, але зараз яны проста саўдзельнікі. Пуціну ўдалося нарэшце яго прыціснуць да сьцяны.

— Лукашэнка расказваў, што вы часта абаранялі яго перад заходнімі партнэрамі. «Ніхто за нас так не ваяваў, як Саакашвілі. Ён жа з Байдэнам на „ты“ быў. Той быў віцэ-прэзыдэнт, Саакашвілі — прэзыдэнт, і ён казаў яму: „Ну няправільна вы сябе паводзіце ў адносінах да Беларусі! Ніякіх не павінна быць санкцыяў. Нармальная краіна, нармальны прэзыдэнт“» — распавядаў Лукашэнка. Чаму вы так рабілі?

— Я б не хацеў, каб Беларусь прызнала нашыя акупаваныя тэрыторыі, і я гэтага дамогся. Некалькі разоў я дамагаўся вызваленьня палітвязьняў (пра каго канкрэтна ідзе гаворка, мы ня ведаем. — «Люстэрка»), асабліва перад уступленьнем Беларусі ва Ўсходняе партнэрства. Я пацьвярджаю, што шмат разоў абмяркоўваў з заходнімі лідэрамі магчымасьці вырваць Беларусь з кіпцюроў Расеі.

Калі я ў першы раз патэлефанаваў Байдэну наконт Беларусі, ён катэгарычна адмовіўся пачаць кантакты з Лукашэнкам, і крыху пазьней, ужо ў рангу былога прэзыдэнта, я быў на інаўгурацыі Парашэнкі (летам 2014 года. — «Люстэрка») і падвёў Лукашэнку за руку да Байдэна (тады Байдэн быў віцэ-прэзыдэнтам ЗША. — «Люстэрка»), і яны вельмі цёпла пагутарылі. Там жа быў мой блізкі сябра Джон Макейн (сэнатар ЗША — «Люстэрка»), які вельмі раззлаваўся і на мяне, і на Байдэна за гэты эпізод.

— Вы размаўлялі са Сьвятланай Ціханоўскай. Якое яна зрабіла на вас уражаньне?

— Ціханоўская — больш сымбаль, чым рэальны палітык, але бываюць гістарычныя моманты, калі сымбалі адыгрываюць больш важную ролю, чым палітыкі.

— У беларускага пратэсту яшчэ ёсьць шанцы на посьпех?

— У Беларусі ўсё будзе добра паралельна з посьпехамі Ўзброеных сілаў Украіны і развалам рэжыму ў Маскве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG