Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фясенка: Украіна грае на супярэчнасьцях паміж Беларусьсю і Расеяй


У рамках працоўнага візыту ва Ўкраіну міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей 13 жніўня правёў у Адэсе перамовы з кіраўніком Адэскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Міхаілам Саакашвілі.

Паводле МЗС Беларусі, падчас сустрэчы «бакі абмеркавалі прыярытэты эканамічнага супрацоўніцтва і ролю рэгіёнаў у разьвіцьці беларуска-ўкраінскага дыялёгу, пэрспэктывы ўзаемадзеяньня ў сфэры лягістыкі і транспарту, а таксама разгледзелі магчымасьці нарошчваньня транзыту беларускіх тавараў па тэрыторыі Ўкраіны».

Прэзыдэнт краіны Пятро Парашэнка, які сустракаўся з Уладзімерам Макеем 12 жніўня, лічыць, што беларуска-ўкраінскія адносіны перажываюць добрыя часы. Станоўча ацаніў вынікі сустрэчы і міністар замежных спраў Украіны Павал Клімкін, паведаміўшы ў сваім твітэры, што Ўладзімер Макей размаўляў зь ім па-беларуску.

Украінскі палітоляг Уладзімер Фясенка ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што дэманстрацыя добрага стаўленьня да Беларусі выгадная Ўкраіне, якая хоча абвергнуць ілюзію адзінага фронту супраць Украіны на чале з Расеяй:

Уладзімер Фясенка
Уладзімер Фясенка

«Тут вельмі аб’ектыўныя інтарэсы. Па-першае, Беларусь — найбліжэйшы сусед, зь якім, у адрозьненьне ад Расеі, адносіны складаюцца досыць нармальна. Па-другое, Беларусь — важны эканамічны партнэр. Па-трэцяе, у цяперашняй сытуацыі вельмі важна, нават разумеючы, што і Беларусь, і Казахстан — найбліжэйшыя хаўрусьнікі Расеі, умела граць на супярэчнасьцях паміж Беларусьсю і Расеяй. У Кіеве выдатна разумеюць — так, Беларусь залежыць ад Расеі, цяперашняе беларускае кіраўніцтва каштоўнасна нашмат далей ад Украіны, чым яе заходнія суседзі. Але мы бачым, што Лукашэнка праяўляе значную аўтаномію, дыстанцыюючыся ад Пуціна ў шэрагу пытаньняў. Лукашэнка таксама грае сваю няпростую гульню, хоць і разумее, што гэта толькі гульня. Вось і Кіеў граў у гульню, у якой ён нібыта прымае адносную самастойнасьць Беларусі. Для Ўкраіны надзвычай важна дэманстраваць — няма адзінага фронту хаўрусьнікаў Расеі супраць Украіны. Для нас нават з пункту гледжаньня прапаганды вельмі важна паказваць, што, у адрозьненьне ад Расеі, і Беларусь, і нават Казахстан ставяцца да Ўкраіны па-сяброўску. Таму гульня на супярэчнасьцях — таксама інтарэс Украіны».

Беларускі палітоляг Яўген Прэйгерман кажа, што праца беларускага дыпляматычнага ведамства заслугоўвае высокай пахвалы — у няпросты для Ўкраіны і Беларусі час на міжнароднай арэне наша краіна захавала імідж незалежнай:

Яўген Прэйгерман
Яўген Прэйгерман

«Усё, што адбываецца, — гэта цяжкі працэс дыпляматыі. Я думаю, што ў беларускім грамадзтве большасьць пагодзіцца — тое, што апошнімі гадамі робіць беларускае МЗС, заслугоўвае добрых словаў і вялікіх пахвалаў. У самых цяжкіх у гісторыі незалежнай Беларусі варунках ведамства даволі годна працуе, крок за крокам вывяраючы сваю дзейнасьць».

Што да сустрэчаў Уладзімера Макея ва Ўкраіне, Яўген Прэйгерман кажа, што водгукі палітыкаў з абодвух бакоў сьведчаць пра ўзаемную зацікаўленасьць у шчыльнай супрацы як на палітычным, так і эканамічным узроўнях:

«Атмасфэра, якая пануе падчас сустрэчаў Уладзімера Макея з украінскімі палітыкамі, адлюстроўвае жаданьне мець добрыя адносіны паміж дзьвюма краінамі. Гэта тым больш натуральна ў тых варунках, якія ёсьць у рэгіёне апошнія гады.

Нягледзячы на эканамічную залежнасьць Беларусі ад Расеі, няма ніякіх сумневаў у тым, што ва Ўкраіне высока цэняць пазыцыю і актыўнасьць беларускага кіраўніцтва што да ўкраінскага крызісу. Украіна вельмі зацікаўленая, каб Беларусь працягвала мець такую пазыцыю, нават нягледзячы на магчымыя выклікі з боку Расеі.

Таксама ня трэба забываць, што Беларусь — гэта перамоўная пляцоўка, якая адпавядае зацікаўленасьці Ўкраіны.

Што да эканамічнага складніку візыту Ўладзімера Макея, то відавочна, што з улікам эканамічных праблемаў у нашым рэгіёне абодвум бакам трэба плянаваць сваю будучыню, у якой гандлёвыя стасункі будуць лепшыя, чым ёсьць сёньня. Таму нават з улікам фактару Расеі відавочна, што абодва бакі зацікаўленыя супрацоўнічаць як па эканамічных, так і па палітычных пытаньнях. Расея, магчыма, ня будзе моцна перашкаджаць Беларусі наладжваць адносіны з Украінай. Крэмль таксама зацікаўлены ў захаваньні беларускай перамоўнай пляцоўкі. Таму нельга Расеі зусім ужо абмяжоўваць Беларусь у сваёй зьнешняй палітыцы і дэманстраваць яе татальную залежнасьць ад Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG