«У мяне былі чатыры тайныя сустрэчы ў Лёндане з Лукашэнкам. Гэта была тайная дыпляматыя. Тое, што Паўднёвая Асэтыя і Абхазія да гэтага часу не прызнаныя Лукашэнкам, зьяўляецца вынікам маіх паездак у Лёндан», — сказаў у сераду Саакашвілі ў Тбіліскім гарадзкім судзе, дзе праходзіць пасяджэньне ў справе аб растраце дзяржсродкаў на 9 млн лары (каля $ 3 млн).
Разам з тым былы прэзыдэнт не ўдакладніў даты, калі ён праводзіў сустрэчы з Лукашэнкам, спасылаючыся на сакрэтнасьць зьвестак аб яго пералёце ў брытанскую сталіцу, піша ТАСС.
Раней у інтэрвію Ўладзіміру Салаўёву для YouTube-канала «Салаўёў Live» Лукашэнка заявіў, што не выключае прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Па ягоных словах, як толькі ён зразумее неабходнасьць такога кроку і пра гэта яму скажа Пуцін, тады гэта можа адбыцца.
МЗС Грузіі ў панядзелак распаўсюдзіў камэнтар прэс-сакратаркі Марыям Нарчэмашвілі, у якім гаворыцца, што пытаньне прызнаньня незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі Беларусьсю не стаіць на парадку дня з улікам грузінска-беларускіх двухбаковых адносін.