Прапагандысцкі тэлеграм-канал, які апублікаваў відэа з затрыманым, сьцьвярджае, што яго затрымалі ў справе «Кадравай рэзэрвы Новай Беларусі».
На камэру мужчыну прымусілі сказаць, што ён навучэнец «Кадравай рэзэрвы для Новай Беларусі» і на яго завялі крымінальную справу.
14 лютага стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу супраць прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі». Ім інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім»).
Пасьля гэтага ў этэры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ паказалі нібыта кадры зь лекцыяў для ўдзельнікаў «Кадравай рэзэрвы для Новай Беларусі», а таксама выявы 14 чалавек, нібыта затрыманых у справе, і «пакаяннае» відэа з адным з затрыманых. Прапагандыст Ігар Тур заявіў, што разам зь сілавікамі ён год слухаў лекцыі для ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва», а таксама што нібыта ўзламаны сьпіс навучэнцаў.
Кіраўнік «Кадравай рэзэрвы» Юрась Губарэвіч на гэта заявіў, што АПК зьбірае інфармацыю пра людзей, якіх паказалі на дзяржаўным тэлеканале як затрыманых у справе «Кадравай рэзэрвы», і што тыя зь іх, каго ўдалося ідэнтыфікаваць, ня маюць і ніколі ня мелі дачыненьня да ініцыятывы.
Паводле Губарэвіча, магчымасьць пабачыць сьпіс удзельнікаў лекцыяў «Кадравай рэзэрвы» «тэхнічна выключаная плятформай ZoomWebinar». Разам з тым ён адзначыў, што ўвосень 2023 году сілавікі стварылі фэйкавыя акаўнты праграмы «Кадравая рэзэрва Новай Беларусі» ў Telegram і маглі такім чынам прывабіць ахвочых прыняць удзел у навучаньні. Магчыма, менавіта гэтых людзей і затрымалі, сказаў Губарэвіч.
Кампанію «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі» запусьцілі летась пад эгідай Аб’яднанага пераходнага кабінэту. Яе мэта — рыхтаваць прафэсіяналаў, якія змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы ў Беларусі ў пераходны пэрыяд.