Сьледчы камітэт заявіў, што нібыта прадстаўнікі ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі» зьбіраюцца «ўварвацца ўзброена на тэрыторыю краіны, правесьці масавыя люстрацыі ў адносінах да прадстаўнікоў улады, праваахоўнікаў, грамадзкіх дзеячоў. Пасьля экстрэмісты плянуюць прывесьці да ўлады паплечнікаў-радыкалаў».
СК інкрымінуе неназваным асобам ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
Паведамляецца, што да фігурантаў, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, будзе прыменена працэдура спэцыяльнага вядзеньня, гэта значыць — завочнае сьледзтва і суд.
- Кампанію «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі» заснаваў у лістападзе 2022 году Аб'яднаны пераходны кабінэт, яна прадугледжвае падбор і падрыхтоўку кіраўнікоў для цэнтральных і мясцовых органаў улады ў дэмакратычнай Беларусі.
- У Беларусі ініцыятыва прызнаная «экстрэмісцкім фармаваньнем».
- У лютым 2023 году Абʼяднаны пераходны кабінэт, створаны 9 жніўня 2022 году з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай, у справаздачы аб першых шасьці месяцах сваёй працы паведаміў, што распачаў праект «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі» і што апрацавалі 170 заявак на навучаньне, 17% зь якіх падалі асобы, якія працуюць у дзяржаўным сэктары, сфармавалі плян пілётнай адукацыйнай праграмы.
- У ліпені 2023 году ініцыятыва «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі» заявіла пра вакансіі, падаць на іх заяўкі могуць усе ахвотныя.