Увага сілавікоў да ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі» (КР) палягае на тым, што сілавікі і чыноўнікі адчуваюць небясьпеку для сябе асабіста і для таго неканстытуцыйнага рэжыму, які ахоўваюць, заявіў у камэнтары «Позірку» каардынатар ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі», намесьнік прадстаўніка АПК па транзыце ўлады Юры Губарэвіч.
Ён адзначыў, што «каля 30% удзельнікаў, паводле анкетных зьвестак, знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі».
«Мы прымаем усе меры бясьпекі, каб [сілавікі] ня ведалі ні пра кога — ня важна, у Беларусі або за мяжой», — падкрэсьліў намесьнік прадстаўніка АПК.
На прапагандысцкім тэлеканале АНТ паказалі 14 чалавек, затрыманых у гэтай справе. Там заявілі, што прапагандысты разам зь сілавікамі слухалі лекцыі.
Аднак, паводле Губарэвіча, базавыя меры бясьпекі падчас онлайн-працы «дазваляюць захаваць ананімнасьць». Як ён патлумачыў «Люстэрку», пры падачы заяўкі пра сябе патэнцыйны навучэнец «Кадравай рэзэрвы» расказваў ня так шмат: месца працы, узровень адукацыі, бачаньне свайго месца ў сыстэме будучага дзяржаўнага кіраваньня Беларусі. Пасьля атрыманьня анкеты асабістыя зьвесткі ўдзельніка аддзяляюць ад яго біяграфіі і поглядаў на палітычную сытуацыю, ужо абязьлічанай анкеце прысвойваюць нумар, і потым зь ёю працуюць прадстаўнікі ініцыятывы.
«На гэтым этапе правяраць людзей па прынцыпе „ці не зьяўляецца хтосьці зь іх сакрэтным агентам КДБ“ складана. Але пры правядзеньні онлайн-сэмінараў мы выкарыстоўваем сыстэму zoom-вэбінар, якая не дазваляе ўдзельнікам паказваць сваё відэа і задаваць пытаньні голасам, — патлумачыў Губарэвіч. — Так, можна атрымаць доступ да лекцый. Але ня бачу нічога страшнага, калі Тур ці нейкі супрацоўнік Сьледчага камітэту паслухае экспэртаў пра альтэрнатыўныя шляхі разьвіцьця Беларусі».
Што да сьцьвярджэньня прапагандыста Ігара Тура, што сьпіс удзельнікаў сілавікі атрымалі падчас аднаго са стрымаў, Губарэвіч кажа, што гэта тэхнічна немагчыма, бо ўдзельнікі сэмінараў знаходзяцца пад нумарамі анкет (якія бачыць толькі лектар), і ў стрымах не відаць іх прозьвішчы. «Таму сыстэма проста тэхнічна не дазваляе далучыцца да лекцыі і атрымаць доступ да сьпісу ўдзельнікаў», — дадаў ён.
Што тычыцца нібыта затрыманьняў удзельнікаў праграмы, пра якія кажа прапагандыст, Юрась Губарэвіч бачыць некалькі варыянтаў, як падобнае магло адбыцца: чалавек мог напісаць у фэйкавы тэлеграм-канал «Кадравай рэзэрвы», які зьявіўся ўвосень 2023 году ў Тэлеграме і «дубляваў інфармацыю, але даваў фэйкавыя кантакты»: «Калі хтосьці па неасьцярожнасьці зь імі меў зносіны, гэтыя людзі знаходзяцца пад пагрозай».
Другі варыянт — кагосьці маглі вылічыць па IP-адрасе: некалькі тыдняў таму недаступны раней зь Беларусі сайт «Кадравай рэзэрвы» пачаў адкрывацца для карыстальнікаў унутры краіны, і людзі маглі заходзіць на яго без VPN. Суразмоўца мяркуе, што разблякаваньне магло адбыцца з ініцыятывы сілавікоў. Заўважыўшы гэта, ужо самі прадстаўнікі ініцыятывы абмежавалі доступ, але Губарэвіч не выключае, што такім чынам сілавікі маглі пасьпець адсачыць людзей.
Прадстаўнік Сьледчага камітэту Сяргей Кабаковіч заявіў, што ведамства нібыта валодае інфармацыяй аб усіх удзельніках ініцыятывы.
14 лютага Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу супраць удзельнікаў і арганізатараў «Кадравай рэзэрвы» па артыкуле аб уваходжаньні ў склад «экстрэмісцкага» фармаваньня (артыкул 361-1 КК).
- 14 лютага стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі». Ім інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
- Прапагандыст Ігар Тур 14 лютага ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што разам зь сілавікамі ён ужо год слухаў лекцыі для ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі», а таксама пра нібыта ўзлом сьпісу навучэнцаў і затрыманьне некаторых зь іх.
- Пазьней у этэры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ паказалі нібыта кадры зь лекцыяў для ўдзельнікаў «Кадравай рэзэрвы для Новай Беларусі» і «пакаяльнае» відэа з чалавекам, які сьцьвярджае, што быў удзельнікам праграмы, а пасьля быў затрыманы і цяпер знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч заявіў, што ведамства мае зьвесткі пра ўсіх удзельнікаў «Кадравай рэзэрвы» і што нібыта «шмат каго зь іх ужо затрымалі».
- Кампанію «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі» запусьцілі летась пад эгідай Аб'яднанага пераходнага кабінэту. Яе мэта — падрыхтоўка прафэсіяналаў, якія змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы ў Беларусі на працягу пераходнага пэрыяду.