Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Губарэвіч: Людзі на кадрах АНТ, якіх нібыта затрымалі па справе «Кадравай рэзэрвы», ня маюць дачыненьня да ініцыятывы


Юры Губарэвіч, архіўнае фота
Юры Губарэвіч, архіўнае фота

Аб’яднаны пераходны кабінэт зьбірае інфармацыю пра людзей, якіх паказалі на дзяржаўным тэлеканале АНТ як затрыманых па справе «Кадравай рэзэрвы Новай Беларусі». Тыя зь іх, каго ўдалося ідэнтыфікаваць, ня маюць і ніколі ня мелі дачыненьня да ініцыятывы, сьцьвярджае яе каардынатар, намесьнік прадстаўніка АПК па транзыце ўлады Юры Губарэвіч.

«Сілавікі і прапагандысты селі ў лужыну, паспрабаваўшы атакаваць „Кадравую рэзэрву“. Ніякага доступу да базы дадзеных і сьпісу ўдзельнікаў яны не атрымалі. Заклікі „самастойна прыйсьці і пакаяцца“ пра гэта сьведчаць», — адзначыў Юры Губарэвіч.

Паводле Губарэвіча, цяпер АПК праводзіць збор інфармацыі пра 14 чалавек, паказаных на здымках у прапагандысцкім роліку АНТ.

«Тыя, каго атрымалася ідэнтыфікаваць, ня маюць і ніколі ня мелі дачыненьня да „Кадравай рэзэрвы“. Некаторыя зь іх знаходзяцца на свабодзе ці ўвогуле раней пакінулі межы Беларусі. Па некаторых былі выкарыстаныя здымкі з ранейшых затрыманьняў, не зьвязаных з „Кадравай рэзэрвай“», — паведаміў Губарэвіч.

Ён паўтарыў, што магчымасьць пабачыць сьпіс іншых удзельнікаў лекцыяў «Кадравай рэзэрвы» «тэхнічна выключаная плятформай ZoomWebinar» і што «нават адміністратар там бачыць толькі пералік асабістых нумароў замест імёнаў удзельнікаў». Разам з тым, паводле прадстаўніка АПК, праблема зь бясьпекай можа быць на баку карыстальнікаў.

«Пэўныя спробы выцягнуць інфармацыю сілавікі рабілі. Яны стварылі фэйкавы канал у Telegram і адкрылі доступ да „экстрэмісцкага“ сайта „Кадравай рэзэрвы“ з тэрыторыі Беларусі», — адзначыў ён.

  • 14 лютага стала вядома, што Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу ў дачыненьні да прадстаўнікоў і ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для новай Беларусі». Ім інкрымінуюць ч. 3 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня або ўдзел у ім).
  • Прапагандыст Ігар Тур 14 лютага ў сваім тэлеграм-канале заявіў, што разам зь сілавікамі ён ужо год слухаў лекцыі для ўдзельнікаў ініцыятывы «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі», а таксама пра нібыта ўзлом сьпісу навучэнцаў і затрыманьне некаторых зь іх.
  • Пазьней у этэры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ паказалі нібыта кадры зь лекцыяў для ўдзельнікаў «Кадравай рэзэрвы для Новай Беларусі», а таксама выявы 14 чалавек, нібыта затрыманых па справе, і «пакаяльнае» відэа з адным з затрыманых. Прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч заявіў, што ведамства мае зьвесткі пра ўсіх удзельнікаў «Кадравай рэзэрвы».
  • Кампанію «Кадравая рэзэрва для Новай Беларусі» запусьцілі летась пад эгідай Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Яе мэта — падрыхтоўка прафэсіяналаў, якія змогуць працаваць на дзяржаўных пасадах і праводзіць рэформы ў Беларусі на працягу пераходнага пэрыяду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG