Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі за атрыманьне хабару асудзілі дырэктара заводу і мытніка


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

З тых, хто даваў хабар, асудзілі ня ўсіх.

Суд Чыгуначнага раёну Гомля разгледзеў справу аб атрыманьні хабару супраць дырэктара філіялу «Завод „Энэргаабсталяваньне“» ААТ «Белсельэлектрасеткабуд» і вядучага інжынэра Гомельскай мытні, а таксама тых, хто даваў ім хабар, паведаміла 12 сакавіка прэс-служба суду.

Згодна з паведамленьнем, дырэктар філіялу «Завод „Энэргаабсталяваньне“» ААТ «Белсельэлектрасеткабуд» атрымаў хабар ад некалькіх кампаніяў за лябіяваньне іхных інтарэсаў пры закупках і падпісаньні дамоваў.

Так, ён неаднойчы атрымаў матэрыяльныя каштоўнасьці на агульную суму прынамсі 21 852,54 рубля ад прадстаўніка ТАА «Атава Тэхна» і УП «Атава», ад прадстаўнікоў ТАА «ДМЕ Энэрджы» — матэрыяльныя каштоўнасьці на суму ня менш за 1900 рублёў, ад намесьніка дырэктара ТАА «БудМеДуСа», які дзейнічаў у змове з дырэктарам, — хабар у 400 рублёў і 10 000 даляраў ЗША, а таксама плітку і сантэхніку (для рамонту дому цешчы) на агульную суму 2339,16 рубля.

Іншы абвінавачаны, які працаваў вядучым інжынэрам аддзелу разьвіцьця мытнай інфраструктуры Гомельскай мытні, атрымаў ад дырэктара «БудМеДуСа» і ягонага намесьніка хабар у 19 тысяч рублёў і матэрыяльныя каштоўнасьці на такую ж суму за лябіяваньне інтарэсаў арганізацыі пра закупках і падпісаньні дамоваў. Акрамя гэтага, коштам «БудМеДуСа» ён надрукаваў кнігі для сваёй маці (на гэта было выдаткавана 798,44 рубля).

Ужо былому дырэктару філіялу «Завод „Энэргаабсталяваньне“» ААТ «Белсельэлектрасеткабуд» прысудзілі 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму з штрафам 32 000 рублёў і пазбаўленьнем права займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў, тэрмінам на 5 гадоў.

Супрацоўніку мытні прысудзілі 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з штрафам 28 000 рублёў, з пазбаўленьнем на 5 гадоў права займаць пасады, зьвязаныя зь юрыдычна значнымі дзеяньнямі ў сфэры закупак.

З тых, хто даваў хабар, асудзілі ня ўсіх. Дырэктару і намесьніку дырэктара ТАА «БудМеДуСа» прысудзілі па 2,5 года «хатняй хіміі» з штрафам 16 тысяч рублёў кожнаму.

Прысуд пакуль не набыў законнай сілы і можа быць абскарджаны і апратэставаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG