Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску скасавалі паказы фільмаў расейскага рэжысэра Аляксандра Сакурава. Раней на яго скардзіўся Азаронак


Аляксандар Сакураў
Аляксандар Сакураў

У Менску скасавалі паказы фільмаў расейскага рэжысэра Аляксандра Сакурава, паведамляе расейскае выданьне «Медиазона» з спасылкай на адміністрацыю кінатэатру Falcon Club.

Фільмы «Сонца» і «Казка» мелі паказваць 11 і 13 сакавіка.

Раней на прыезд у Менск расейскага рэжысэра Аляксандра Сакурава і яго вучня Аляксандра Залатухіна скардзіўся супрацоўнік дзяржаўнага тэлеканалу СТВ Грыгорый Азаронак.

«Яўны праціўнік СВА і ўсяго, што з гэтым зьвязана. На кінафэстывалі ў Маскве яго псэўдаінтэлектуальную парнуху закрылі. Пра нас і нашу краіну выказваўся неаднаразова. І дыктатура, і іншае. Вось з апошняга. Маўляў, нахлебнікі мы, і Саюзная Дзяржава Расеі не патрэбная», — напісаў у сваім тэлеграм-канале прапагандыст.

З крытыкай на рэжысэра абрынуўся і дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін.

«Сустрэча зь ім стала б пунктам збору для тых, хто затаіўся, прыстасаваўся, чакае. Ніякага шанцу ім даваць нельга, нават сабрацца разам», — напісаў Гігін у сваім тэлеграм-канале пасьля таго, як стала вядома аб скасаваньні паказаў.

Галоўныя героі фільма «Казка» — Сталін, Гітлер, Мусаліні і Чэрчыль, якія сустракаюцца ў пекле. Для выяўленьня гэтых пэрсанажаў Сакураў выкарыстоўваў кадры з дакумэнтальнай хронікі і тэксты іхных рэальных прамоваў. Як сказаў нобэлеўскі ляўрэат Дзьмітрый Муратаў, у фільме паказалі «падсьвядомасьць дыктатараў», у якіх няма «ніякага раскаяньня» з прычыны сьмерцяў загінулых зь іхнае віны людзей. Прэмʼера «Казкі» адбылася 6 жніўня 2023 году на кінафэстывалі ў Лякарна (Швайцарыя).

У 2023 годзе міністэрства культуры Расеі забараніла паказ фільму на фэстывалі «Каро.Арт», а пасьля адмовіла «Казцы» ў выдачы пасьведчаньня на паказы.

У сьнежні 2023 году Аляксандар Сакураў заявіў, што пасьля забароны «Казкі» ён вырашыў закончыць кар’еру.

  • Аляксандар Сакураў, асабліва ў апошнія гады, выступае з крытыкай расейскіх уладаў. У сьнежні 2021 году падчас сустрэчы Рады правоў чалавека ў Сакурава адбыўся канфлікт з Уладзімірам Пуціным. Рэжысэр у сваім выступе казаў, што Расею трэба мяняць, што ў краіне ёсьць шмат праблемаў, якія не вырашаюцца, і іх нельга закопваць у пясок.
  • Пазьней Сакураў папрасіў прабачэньня за спрэчку з прэзыдэнтам і расказаў аб пагрозах, якія яму прыходзілі. Аляксандар Сакураў па-ранейшаму ўваходзіць у склад Рады правоў чалавека, аднак, як ён сам казаў, зь сьнежня 2021 г. у яго так і не было магчымасьці пагаварыць з Пуціным, хоць той абяцаў зь ім сустрэцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG