Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская на зьезьдзе Эўрапейскай дэмакратычнай партыі: «Перамены ў Беларусі могуць справакаваць перамены ў Расеі і дапамагчы Ўкраіне»


Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота
Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Выступ беларускай палітычнай дзяячкі адбыўся ў рэжыме онлайн.

Сьвятлана Ціханоўская падзякавала за тое, што Беларусь застаецца на парадку дня партыі, і расказала пра сытуацыю ў Беларусі, пра тое, што «Лукашэнка ператварае Беларусь у Паўночную Карэю»:

«Ён разумее, што 2020 год можа паўтарыцца. Адзіны ягоны спосаб захаваць кантроль над людзьмі — гэта рэпрэсіі і запалохваньні».

Але людзі не адмовіліся ад барацьбы, нягледзячы на тэрор, упэўненая Ціханоўская. Яе словы перадае ейная прэс-служба.

«Мы павінны разумець, — сказала Ціханоўская, — што дыктатараў немагчыма залагодзіць ці перавыхаваць. Яны ня спыняцца, пакуль мы іх ня спынім. Лукашэнка не прадстаўляе беларускі народ. Ён здрадзіў нашай краіне, ён здрадзіў нашаму народу, ён уцягнуў нашу краіну ў вайну. І я прашу адрозьніваць беларускі рэжым ад беларускага народу.

Захад павінен дакладна сказаць: рэжым Лукашэнкі нелегітымны, Лукашэнка — злачынца. Мы павінны прыцягнуць яго да адказнасьці за злачынствы супраць беларусаў, за суагрэсію ва Ўкраіне, за вываз украінскіх дзяцей».

Ціханоўская лічыць, што каб спыніць Лукашэнку, неабходна «закрыць шчыліны ў санкцыях, перастаць гандляваць з рэжымам». І трэба «падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі».

«Ізалюючы рэжым, не ізалюйце людзей. Забараняйце рэжым, а не народ. Беларусь стане свабоднай і вернецца ў эўрапейскую сям’ю народаў. Дэмакратычныя перамены ў Беларусі могуць справакаваць перамены ў Расеі і дапамагчы Ўкраіне выйграць вайну».

Зьезд прайшоў у італьянскай Флярэнцыі. Удзел у ім узялі каля 1000 дэлегатаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG