Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад невялікай групы добраахвотнікаў да найбуйнейшага падразьдзелу замежнікаў у складзе УСУ. Полк Каліноўскага падвёў вынікі 2 гадоў


Байцы палка Каліноўскага, фота прэс-службы палка
Байцы палка Каліноўскага, фота прэс-службы палка

Два гады таму, 9 сакавіка 2022 году, беларускія добраахвотнікі аб’явілі пра абʼяднаньне ў батальён імя Кастуся Каліноўскага. За гэты час яны прайшлі шлях ад невялікай групы пры тэрытарыяльнай абароне «Азоў» да найбуйнейшага нацыянальнага падразьдзелу замежнікаў у складзе Ўзброеных сіл Украіны.

Якім полк Каліноўскага стаў за 2 гады, расказалі ў прэс-службе палка.

У баявую частку палка Каліноўскага цяпер уваходзяць батальён «Волат», батальён «Літвін», падразьдзел БПЛА імя Мікіты Крыўцова, мэдычная рота і мэханізаваны падразьдзел. З 2023 году сфармавалі новы падразьдзел імя Касьцюшкі: ён складаецца з замежных грамадзян (у асноўным з ЭЗ і ЗША), якія служылі ў прафэсійных узброеных сілах і маюць вялікі вайсковы досьвед, які полк Каліноўскага імкнецца пераняць і перадаць беларускім ваярам.

Структурна полк Каліноўскага ўваходзіць у склад Міжнароднага легіёну — падразьдзяленьня, падпарадкаванага Галоўнаму ўпраўленьню выведкі Мінабароны Ўкраіны.

Полк Каліноўскага — высокамабільны пяхотны падразьдзел спэцпрызначэньня, які валодае лёгкай браняванай тэхнікай, уласнымі мінамётнымі разьлікамі, цяжкой артылерыяй, мае ўласныя падразьдзяленьні БПЛА. Сёньня Полк мае ўласны рэкрутынгавы цэнтар, валянтэрскую сетку, навучальныя цэнтры і інш. За два гады вайны некалькі тысячаў беларусаў прайшлі праз навучаньне, службу і баявыя дзеяньні.

Ад моманту стварэньня байцы Палка прымалі ўдзел у баях на самых гарачых участках фронту — за Кіеў, Мікалаеў, Лісічанск, Севераданецк, Запарожжа, Бахмут, Кляшчэеўку, Купʼянск і іншыя ўкраінскія гарады і мястэчкі.

У баях загінулі шэраг добраахвотнікаў палка: Ільля Хрэнаў з пазыўным «Літвін», Зьміцер Апанасовіч «Тэрор», Павал Суслаў «Волат», Іван Марчук «Брэст», Васіль Грудавік «Атам», Васіль Парфянкоў «Сябро», Вадзім Шатроў «Папік», Міраслаў Лазоўскі «Мыш» і яшчэ 11 ваяроў, інфармацыю пра якіх полк не агучвае ў сувязі зь мерамі бясьпекі ў дачыненьні да іх сваякоў у Беларусі.

«Галоўнае, чаго мы дасягнулі за два гады — гэта падрыхтоўка дасьведчанага каманднага складу, які ў кароткія тэрміны здольны ўзяць, навучыць і кіраваць вялікай колькасьцю добраахвотнікаў. Гэта азначае, што ў цяперашніх умовах з тым баявым досьведам, які ўжо ёсьць, Полк можа хутка пашырыцца да памеру брыгады», — кажа адзін з заснавальнікаў палка Каліноўскага з поклічам Мікола.

Шэраг байцоў палка Каліноўскага былі ўзнагароджаныя дзяржаўнымі ўзнагародамі Ўкраіны ад Галоўнага ўпраўленьня выведкі і ад Міністэрства абароны Ўкраіны. Шэраг ваяроў атрымалі ўзнагароды «За мужнасьць» III ступені з рук прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага. Таксама Зяленскі пасьмяротна ўзнагародзіў званьнем Героя Ўкраіны Аляксея «Тура» Скоблю, які загінуў у баях за Кіеў.

У шэрагу ўкраінскіх гарадоў зьявіліся вуліцы ў гонар беларускіх добраахвотнікаў і палка Каліноўскага. У паселішчы Ворзель Бучанскага раёну зьявілася вуліца Ільлі «Літвіна», а ў Хмяльніцкім — вуліца і завулак Аляксея Скоблі. У Кіеве і Мукачаве вуліцы назвалі ў гонар Кастуся Каліноўскага, а ў Жытоміры зьявілася вуліца Палка імя Кастуся Каліноўскага. У гонар Міхаіла Жызьнеўскага вуліцы перайменавалі ў Жвягелі і Чарнаўцах.

Падводзячы вынікі двух гадоў, камандзір каліноўцаў Дзяніс Прохараў з пазыўным «Кіт» адзначыў:

«Я лічу, што беларусы, якія цяпер ваююць за Ўкраіну, абралі адзіны правільны шлях для вызваленьня Беларусі. Калі Расея пераможа ў гэтай вайне, дык пра Беларусь як незалежную краіну нам давядзецца забыцца надоўга».

Ціханоўская: «Кожны дзень на фронце — выпрабаваньне. Я ганаруся тым, зь якой годнасьцю вы яго праходзіце»

Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская з нагоды другой гадавіны заснаваньня батальёна (цяпер — палка) Кастуся Каліноўскага выказала сваю павагу мужнасьці і гераізму байцоў і падзякавала ім за самаахвярнасьць.

«Вы сталі сымбалем таго, як любоў да свабоды і імкненьне да справядлівасьці абʼядноўваюць людзей нават у самыя жудасныя часы. Зь першых дзён расейскага ўварваньня вы рушылі змагацца на самых складаных напрамках, каб захаваць ня толькі незалежнасьць Украіны, але і мару пра свабодную Беларусь», — адзначыла Сьвятлана Ціханоўская.

На думку Ціханоўскай, для беларусаў байцы Полк Каліноўскага ўвасабляюць «смеласьць і годнасьць нашага народа і даказваюць, што беларусы гатовыя дзейнічаць — і нават ахвяраваць сабой, каб дамагчыся зьменаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG