Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЗС Польшчы заявілі, што санкцыі супраць Расеі трэба распаўсюдзіць і на Беларусь


Партрэт палітвязьня Анджэя Пачобута, вызваленьня якога дамагаецца Польшча, у цэнтры Варшавы. Архіўнае фота
Партрэт палітвязьня Анджэя Пачобута, вызваленьня якога дамагаецца Польшча, у цэнтры Варшавы. Архіўнае фота

У Варшаве заявілі, што робяцца захады, каб уключыць Беларусь у 14-ы санкцыйны пакет Эўразьвязу.

«Мы спрабуем дабіцца таго, каб усе санкцыі супраць Расеі распаўсюджваліся і на Беларусь, якая зь ёю супрацоўнічае», — заявіў на пасяджэньні парлямэнцкага камітэту замежных справаў 6 сакавіка намесьнік кіраўніка МЗС Польшчы Ўладыслаў Барташэўскі.

Паводле яго словаў, якія перадае агенцтва PAP, у Беларусі цяпер «больш за 1,5 тысячы чалавек ёсьць палітычнымі зьняволенымі», і, «нягледзячы на намаганьні польскага боку, колькасьць палітвязьняў расьце, рэпрэсіі ўзмацняюцца».

Барташэўскі зьвярнуў увагу, што ўлады Беларусі могуць рэпрэсаваць грамадзян за наяўнасьць у іх «карты паляка».

Таксама дыплямат падкрэсьліў, што выбары ў парлямэнт і мясцовыя саветы, якія прайшлі ў Беларусі 25 лютага, «ня маюць нічога супольнага з сапраўднай дэмакратыяй» і былі «фарсам».

Заява Аляксандра Лукашэнкі аб намеры ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах у 2025 годзе, на думку прадстаўніка польскай дыпляматыі, паказвае, што «палітычны крызіс у Беларусі будзе працягвацца і канца яму не відаць».

«Беларусь цяпер шчыльна зьвязаная сваёй дзейнасьцю, у тым ліку антыўкраінскаю, з пуцінскай Расеяй, і мы спрабуем дабіцца таго, каб усе санкцыі, якія ўжываюцца супраць РФ, былі пашыраныя іншымі краінамі і на Беларусь», — дадаў Барташэўскі.

Паводле яго сьцьверджаньня, «супраціўляецца» пашырэньню санкцыяў супраць Менску міністар замежных справаў Партугаліі, аднак робяцца «моцныя спробы пераканаць яго ўключыць Беларусь у 14-ы санкцыйны пакет».

Санкцыі — адзін з найбольш эфэктыўных спосабаў ціску, але Расея «абыходзіць» частку абмежаваньняў праз тэрыторыю Беларусі, сказаў прадстаўнік польскага замежнапалітычнага ведамства. «Адна з галоўных задачаў Міністэрства замежных справаў — захаваць беларускае пытаньне на парадку дня ЭЗ», — адзначыў Барташэўскі.

Польшча, паводле яго, «падымае беларускае пытаньне на ўсіх міжнародных форумах», асабліва адзначаючы неабходнасьць вызваленьня ўсіх палітвязьняў, пры гэтым «абсалютным прыярытэтам» Варшавы ёсьць выхад са зьняволеньня журналіста Анджэя Пачобута.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG