Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Зубы цмока», сховішчы выбухоўкі, мінаў: у Латвіі зацьвердзілі плян умацаваньня мяжы зь Беларусьсю і Расеяй


Кабінэт міністраў Латвіі 5 сакавіка зацьвердзіў Плян ваеннага ўмацаваньня і супрацьдзеяньня мабільнасьці на ўсходняй мяжы. На працягу наступных 5 гадоў абаронны сэктар краіны інвэстуе ў працы 303 мільёны эўра, паведамляе прэс-служба Мінабароны Латвіі.

Плян зьяўляецца часткай Балтыйскай лініі абароны і прадугледжвае стварэньне пунктаў для падразьдзяленьняў нацыянальных узброеных сіл уздоўж усёй расейска-беларускай мяжы. Гаворка ідзе пра абарончыя пазыцыі для вайскоўцаў, розныя перашкоды, супрацьтанкавыя равы, склады боепрыпасаў і мінаў.

Умацаваньне мяжы ў Латвіі пачнецца зь перакопваньня існых дарог, стварэньня супрацьтанкавых равоў — каб не дапусьціць перамяшчэньня праціўніка, пазьней дрэнажныя равы на мяжы таксама ператвораць у супрацьтанкавыя. Усталююць розныя віды перашкодаў: напрыклад, супрацьтанкавыя равы ўмацуюць бэтоннымі блёкамі і канструкцыямі — такімі як «зубы цмока» і супрацьтанкавыя міны. Разьмяшчэньне перашкодаў адаптуюць да мясцовасьці, з выкарыстаньнем натуральных перашкодаў (балоты, лясы і іншыя прыродныя аб’екты).

Адначасова ў прымежнай зоне створаць сховішчы выбухоўкі, мінаў і інжынэрных матэрыялаў для хуткага ўмацаваньня абарончых пазыцый. Таксама распрацуюць пляны падрыхтоўкі найважнейшых транспартных артэрый — аўтамабільных і чыгунак, мастоў — да хуткай і эфэктыўнай пераправы для затрымкі магчымага прасоўваньня праціўніка.

Паводле зьвестак Delfi, працы, зьвязаныя з будаўніцтвам так званай лініі абароны, пачнуцца ў Латвіі ўжо ў сакавіку.

Сёлета ў студзені міністры абароны Латвіі, Літвы і Эстоніі падпісалі пагадненьне аб стварэньні Балтыйскай лініі абароны для ўмацаваньня ўсходняй мяжы краінаў Балтыі і NATO. Яе будуць будаваць скаардынавана, але кожная краіна будзе рабіць гэта за кошт уласнага бюджэту.

Газэта Postimees нядаўна паведаміла, што ўлады Эстоніі пабудуюць прыблізна 600 бункераў на ўсходняй мяжы для абароны ад магчымай пагрозы з боку Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG