«Прыехалі на запрашэньне Вярхоўнай Рады. Будзем сустракацца з прадстаўнікамі Офісу прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага, дэпутатамі Рады, а таксама з дэпутатамі эўрапейскіх парлямэнтаў, якія прыбылі ў Кіеў з нагоды другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай расейскай агрэсіі супраць Украіны», — паведаміў «Позірку» Францішак Вячорка.
Паводле яго, у плянах таксама сустрэча з байцамі палку імя Кастуся Каліноўскага, «якія змагаюцца за Ўкраіну, а значыць, і за Беларусь».
«Наш візыт прымеркаваны да гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны. Мы прыехалі выказаць салідарнасьць і падтрымку, а таксама пагаварыць аб магчымасьцях супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі і Ўкраінай», — сказаў галоўны дарадца Ціханоўскай, адзначыўшы, што гэта ня першы яго і Лябедзькі візыт у Кіеў.
«Ёсьць шэраг пытаньняў, якія трэба абмеркаваць і на ўзроўні ўраду, і на ўзроўні парлямэнту», — дадаў Вячорка. Ён выказаў удзячнасьць украінскім уладам за прызначэньне пасла для асаблівых даручэньняў МЗС Украіны па Беларусі.
«З амбасадарам Ігарам Кізімам мы бачыліся па дарозе ў Кіеў. Вельмі важна будаваць сяброўскія адносіны з Украінай, бо мы змагаемся супраць аднаго ворага. Спадзяёмся, што беларуска-ўкраінскія адносіны будуць аднаўляцца і паляпшацца», — заявіў суразмоўца.
Па зьвестках «Позірку», 24 лютага, у другую гадавіну пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі, ва Ўкраіне адбудзецца буйное міжнароднае палітычнае мерапрыемства, закліканае падтрымаць яе ў адбіцьці агрэсіі. Падрабязнасьці зь меркаваньняў бясьпекі пакуль трымаюцца ў сакрэце.