21 лютага ЦВК заявіў, што за два дні датэрміновага галасаваньня на ўчасткі прыйшлі ўжо 14,61% грамадзян. У першы дзень яўка нібыта была на ўзроўні 5,94%.
Паводле ЦВК, найбольш высокая яўка ў Гомельскай вобласьці — 17,55%, за ёй — Магілёўская (15,61%), Берасьцейская (14,85%), Менская (14,76%), Віцебская (14,25%), Менск (13,8%) і Горадзенская (10,57%).
Яўка па выніках двух дзён датэрміновага галасаваньня на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах у 2019 годзе была абвешчаная на ўзроўні 11,51%, у 2016 годзе — 9,63%, у 2012-м — 7,2%, у 2008-м — 7%, параўноўвае «Позірк».
На прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году гэты паказьнік складаў 12,75%, 2015-га — 10,94%, 2010-га — 7,2%, 2006-га — 6,1%.
У параўнаньні зь першым днём датэрміновага галасаваньня на канстытуцыйным рэфэрэндуме 2022 году яўка была ніжэйшай (5,94% супраць 6,19%), з двума днямі — вышэйшай (14,61% супраць 14,53%).
Датэрміновае галасаваньне працягнецца да 24 лютага. Асноўны дзень — 25 лютага. Да выбараў дапушчаныя толькі ляяльныя рэжыму кандыдаты ў дэпутаты.
У «адзіны дзень галасаваньня» выбарнікам у Барысаўскім раёне абяцаюць пернікі
Як паведамляе «Мінская праўда», пернік з сымболікай «адзінага дня галасаваньня» дастанецца выбарнікам зь сельскай мясцовасьці.
«Вырашылі зрабіць сюрпрыз для нашых пажылых выбаршнікаў і дзяцей, якія ў гэты дзень прыйдуць з бацькамі на выбарчыя ўчасткі», – заявіла «Мінскай праўдзе» намесьніца старшыні Барысаўскага райвыканкама Анастасія Копікава.
Парог яўкі на гэтых выбарах скасаваны — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў няма, прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя, на адным з рэпартажных фота дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА нават заблюрыла асобы кандыдатаў.
Праваабаронцы фіксуюць парушэньні. 20 лютага яны паведамлялі, што ў першы дзень галасаваньня многіх асуджаных да абмежаваньня волі ва ўстановах адкрытага тыпу Горадзенскай вобласьці арганізавана пасадзілі ў транспарт і адвезьлі галасаваць на найбліжэйшыя выбарчыя ўчасткі, хаця ўсе «хімікі» маюць працу і ім было б зручней прагаласаваць у асноўны дзень галасаваньня, які прыпадае на нядзелю.
Улады заяўляюць, што пільнуюць парадак на выбарчых участках. Праўладны тэлеграм-канал «Ведется наблюдение» паведаміў, што на адным з выбарчых участкаў чалавек паспрабаваў вынесьці два бюлетэні. Выбарчая камісія склала адпаведны акт і перадала інфармацыю «для далейшага разбору ў праваахоўныя органы». «Нагадваем: за вынас выдадзенага бюлетэня прадугледжаны штраф у памеры да 600 рублёў», — папярэдзілі ў праўладнай ініцыятыве.
Што трэба ведаць пра Адзіны дзень галасаваньня – 2024
- 25 лютага 2024 году ў Беларусі праходзіць так званы Адзіны дзень галасаваньня, у рамках якога выбіраюць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня і дэпутатаў мясцовых саветаў 29-га скліканьня.
- Пратаколы з камісій павінны паступіць у ЦВК не пазьней за 29 лютага.
- Датэрміновае галасаваньне праходзіла з 20 па 24 лютага. ЦВК заявіла, што за 5 дзён датэрмінова прагаласавалі 41,71% грамадзян, якія ўключаныя ў сьпісы для галасаваньня.
- Парог яўкі на гэтых выбарах адменены — яны адбудуцца пры любой колькасьці выбарнікаў. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма, як і апазыцыйных кандыдатаў. Прозьвішчы сябраў выбарчых камісіі засакрэчаныя. На ўчастках узмацнілі ахову.
- Перадвыбарная агітацыя праходзіла з 31 студзеня па 24 лютага, рэгістрацыя кандыдатаў — з 16 студзеня да 30 студзеня.
- Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» падкрэсьлілі, што ў сувязі з рэпрэсіўнымі рызыкамі будзе працаваць экспэртная місія, а не «клясычнае» назіраньне, якое ажыцьцяўлялася падчас ранейшых кампаній.
- Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч лічыць, што Лукашэнка разглядае выбары як «ваенную апэрацыю». Ён упэўнены, што абсалютная большасьць як сярод прыхільнікаў, так і сярод праціўнікаў Лукашэнкі выдатна разумее, што ў сёньняшніх умовах гэта суцэльная імітацыя.
- Улады вырашылі не запрашаць АБСЭ для назіраньня празь Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ). АБСЭ cкрытыкавала ўлады Беларусі за гэтую адмову.
- Кіраўнік штабу місіі назіральнікаў ад СНД Леанід Анфімаў заявіў, што ў Вярхоўны суд падалі 6 скаргаў аб выбарах. Назіральнікі ад СНД прапанавалі іх лічыць «неабгрунтаванымі».
- Выбары ў Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу 8-га скліканьня адбудуцца 4 красавіка 2024 году. Вылучэньне кандыдатаў у члены СР мясцовымі саветамі дэпутатаў, выканаўчымі і распарадчымі органамі павінна адбыцца не пазьней за 21 сакавіка 2024-га.
- Электаральная кампанія праходзіць на фоне маштабных рэпрэсій і зачысткі палітычнага поля ад апазыцыі. Незалежных назіральнікаў на выбарах няма: Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтве ў Эўропе (БДІПЧ АБСЭ) запрашэньня не атрымала.
- На гэтых выбарах няма і апазыцыйных кандыдатаў — да выбараў дапусьцілі толькі ляяльных рэжыму кандыдатаў. Паводле кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі, усе 12 скаргаў на адмовы ў рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты (у тым ліку 2 скаргі ў суды) адхілілі.
- Па выніках датэрміновага галасаваньня ЦВК даў справаздачу аб рэкорднай яўцы выбарнікаў — 41,71%. Незалежныя назіральнікі называюць датэрміновае галасаваньне адным з мэханізмаў масавых фальсыфікацый.
- З 1996 году незалежныя назіральнікі не прызналі ніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЭ.