Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таксі і маршруткі, якія не зарэгіструюць у «рэестры перавозак» да 1 лістапада, будуць канфіскоўваць


Маршруткі ў Менску. Архіўнае ілюстрацыйнае фота
Маршруткі ў Менску. Архіўнае ілюстрацыйнае фота

Рэестар аўтамабільных перавозак пасажыраў пачне працаваць у Беларусі з 1 жніўня. На працягу трох месяцаў (да 1 лістапада) у ім павінны зарэгістравацца ўсе дыспэтчары, кіроўцы і транспарт кампаній, якія хочуць і далей працаваць у сфэры нерэгулярных пасажырскіх перавозак. У тых, хто своечасова гэтага ня зробіць, будуць канфіскоўваць аўтамабілі.

«Калі аўтамабільны перавозчык, транспартны сродак ня будуць уключаныя ў рэестар, дзейнасьць, якую ён ажыцьцяўляе, будзе зьяўляцца забароненай. Што гэта цягне за сабой далей? У судоў зьяўляюцца ўсе падставы канфіскаваць транспартныя сродкі ў перавозчыкаў у даход дзяржавы», — заявіў 15 лютага начальнік упраўленьня аўтамабільнага і гарадзкога пасажырскага транспарту Мінтрансу Андрэй Гладкі.

Пры гэтым для такіх кампаній аўтаматычна выключаецца магчымасьць выплаты штрафу і вяртаньня свайго транспартнага сродку.

Транспартная інспэкцыя Беларусі ўпершыню пачала канфіскоўваць у перавозчыкаў аўтамабілі і аўтобусы за пэўныя парушэньні ў 2023 годзе. За мінулы год агулам канфіскавалі 280 аўтамабіляў, але пры гэтым іх уладальнікі маглі вярнуць сабе аўтамабілі пасьля выплаты штрафаў і працягваць працаваць далей.

Таксама Андрэй Гладкі патлумачыў, навошта перавозчыкі цяпер абавязаныя ўсталёўваць у аўтамабілях відэакамэры. Паводле яго, гэта робіцца, каб «стымуляваць кіроўцаў таксі, каб яны паводзілі сябе ў рамках прыстойнасьці», і нібыта зьвязана са скаргамі грамадзян, а таксама для таго, каб фіксаваць парушэньні, калі кіроўца маршруткі ці таксі ня выдаў чэк пасажыру.

  • 25 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, які прадугледжвае стварэньне ў Беларусі «рэестру аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах». У яго хочуць уключыць усіх дыспэтчараў, перавозчыкаў, кіроўцаў і транспартныя сродкі. Калі перавозчык не ў рэестры — ён працуе незаконна. Каб трапіць у рэестар, трэба плаціць. За адну машыну — дзьве базавыя велічыні (74 рублі). За аднаго кіроўцу — адну (37 рублёў). За дыспэтчара — 100 базавых (3700 рублёў). Сёньня ж кіроўца таксі ня плаціць гэтых пабораў.
  • Таксама, паводле закону, кіроўцы за свае грошы мусяць абсталяваць салён машыны камэрай відэаназіраньня, каб паездка фіксавалася на відэа.
  • Акрамя гэтага, згодна з новым законам, перавозчыкаў і дыспэтчараў прымусяць даваць дзяржаўным органам доступ да інфармацыі аб выкананых заказах.
  • Дыспэтчараў вымусяць адкрыць юрыдычную асобу ў Беларусі і разьмясьціць сэрвэры ўнутры краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG